Пуцін: Крым далучылі да Расіі, каб выратаваць ад "катка нацыяналістаў"

Тэлеканал "Расія 1" паказаў анонс фільма "Крым. Вяртанне на Радзіму" з удзелам прэзідэнта Расіі. Уладзімір Пуцін заявіў, што далучэнне Крыма да Расіі планавалася ў ноч на 23 лютага 2014 года, калі праводзілася аперацыя па выратаванні кіраўніка Украіны Віктара Януковіча.

Па словах Пуціна, ён тады заявіў сваім калегам: "Сітуацыя разгарнулася такім чынам на Украіне, што мы вымушаныя пачаць працу па вяртанні Крыма ў склад Расіі. Таму што мы не можам кінуць гэтую тэрыторыю і людзей, якія там пражываюць, на волю лёсу, пад каток нацыяналістаў".

Разам з тым расійскі кіраўнік кажа, што далучэнне Крыма не было мэтай расійскага кіраўніцтва. Ён заяўляе, што крымчане маглі прагаласаваць і за тое, каб застацца ў складзе Украіны. "Але калі яны захочуць па-іншаму, тады мы не можам іх кінуць. Мы вынікі рэферэндуму ведаем, і мы зрабілі так, як абавязаныя былі зрабіць", — перадае "Інтэрфакс" словы Пуціна ў фільме.

Нагадаем, што пасля далучэння Крыма да Расіі Уладзімір Пуцін прызнаў дзейнасць расійскіх войскаў перад і падчас так званага рэферэндума, хаця раней гэта адмаўляў. Па яго словах, расійскія войскі дапамаглі крымчанам правесці самавызначэнне.

Фота — runews24.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі