Пуцін паабяцаў, што не дапусціць "каляровай рэвалюцыі" ў Расіі
Расійскі прэзідэнт прыраўняў яе да экстрэмізму.
Улады Расіі зробяць усё магчымае, каб не дапусціць падзей, падобных да "каляровых рэвалюцый". Пра гэта 20 лістапада заявіў Уладзімір Пуцін на паседжанні савета бяспекі, якое было прысвечана дзяржаўнай канцэпцыі супрацьдзеяння экстрэмізму.
Пуцін прыраўняў "каляровыя рэвалюцыі" да экстрэмізму, які, паводле яго слоў, у сучасным свеце выкарыстоўваецца як інструмент геапалітыкі і перадзелу сфер уплыву.
"Мы павінны паслядоўна, глыбока і настойліва займацца прафілактыкай экстрэмізму, вынішчаць нават перадумовы для яго праявы", — адзначыў расійскі прэзідэнт. У прыватнасці, ён заклікаў узмацніць кантроль за выкананнем правілаў знаходжання мігрантаў, паколькі, на яго думку, незаконная міграцыя спрыяе пашырэнню "злачыннасці, ўзнікненню міжэтнічнай напружанасці і праяваў экстрэмізму".
Расійскі лідар таксама заявіў, што занепакоены ростам прапаганды экстрэмізму ў інтэрнэце.
ВВС нагадвае, што расійскія законы аб барацьбе з экстрэмізмам пастаянна падвяргаюцца крытыцы, у тым ліку і з боку міжнародных арганізацый. У прыватнасці, эксперты лічаць, што яны абмяжоўваюць свабоду расійскіх СМІ.
Фота — ria.ru