П'яны гродзенец на пешаходным пераходзе збіў маму з дзіцем
У Гродне жанчына з дзіцем зранку 27 лютага трапілі пад аўто, калі ішлі па пешаходным пераходзе, паведамляе ўпраўленне ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Здарэнне адбылося на вуліцы Вясновай. 33-гадовы кіроўца "Мазды" напярэдадні піў у сябе дома піва. Зранку ён павёз дзяцей у дзіцячы садок і на пешаходным пераходзе збіў жанчыну з хлопчыкам на руках.
Жанчыну з дзіцем кіроўца заўважыў, калі машына ўжо выехала на пешаходны пераход. Гродзенка з сынам стукнуліся аб дзверы аўтамабіля. Медыкі аказвалі жанчыне дапамогу.
У кіроўцы, як паказала медабследаванне, утрыманне алкаголю ў арганізме перавышала дапушчальную норму больш чым удвая.