П'яны магілёвец заснуў у абрабаванай ім краме
Ноччу ён пранік у прадуктовую краму ў вайсковай частцы Пашкава і спрабаваў яе абакрасці.
У міліцыі кажуць, што 46-гадовы жыхар Магілёва ўзламаў дзверы крамы. Унутры ён расклаў па пакунках дарагі каньяк і гарэлку, а таксама дарагую каўбасу. Прыхапіў з сабой і сродак для мыцця посуду.
Зламыснік вынес першы пакунак з накрадзеным, а затым вярнуўся за другім. Аднак у краме ён адкаркаваў бутэльку са спіртным і выпіў яе, пасля чаго заснуў.
Зранку мужчыну заўважыла загадчыца крамы, якая прыйшла на працу і адразу выклікала міліцыю. Працверазеўшы, мужчына схапіў два пакункі і спрабаваў уцячы, аднак яго затрымалі міліцыянты.
Сума скрадзенага склала 4 мільёны 400 тысяч рублёў. На зламысніка пачалі крымінальную справу, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.
Фота — wallpaper-yaport.ru