Пытанне аб прызнанні Андрэя Бандарэнкі палітвязнем пакуль не ўзнімалася
Ці з’яўляецца прысуд палітычна матываваным будзе вырашацца пасля разгляду касацыйнай скаргі праваабаронцы на вынесены яму прысуд.
Такое меркаванне Еўрарадыё выказаў юрыст Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла.
“Тады будзе зразумела: што прынята да ўвагі, што судамі ўпушчана, наколькі яго грамадская дзейнасць паўплывала на суддзяў пры вынясенні канкрэтнай меры пакарання за тыя дзеянні, якія прызнаныя ўстаноўленымі”.
Пасля набыцця прысуду законнай сілы ў праваабаронцаў будзе магчымасць “больш уважліва прааналізаваць сітуацыю і тады толькі будзе выпрацавана пэўнае меркаванне”. Пакуль жа, кажа Паганяйла, праваабаронцам вельмі складана каментаваць сітуацыю з прысудам Андрэя Бандарэнкі, бо пакуль яна выглядае як звычайная “нецвярозая хуліганка”. Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, і ў БХК, і ў “Вясне” пытанне аб магчымым прызнанні Андрэя Бандарэнкі палітвязнем яшчэ не ўзнімалася.