Рабаў: У Мінску цыклон Daniella праявіць сябе на поўную моц бліжэй да абеду
На дзевяць гадзінаў раніцы 12 студзеня цэнтр цыклону Daniella, які прыйшоў ў Беларусь з паўднёвага захаду, знаходзіўся над Баранавічамі. У Мінск ён прасунецца бліжэй да абеду, а ўвечары апынецца над Віцебскам.
“На жаль сёння на большай частцы тэрыторыі Беларусі захаваецца працяглы мокры снег, — каментуе Еўрарадыё сітуацыю Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. — У паўднёвых рэгіёнах мокры снег з дажджом, у большасці раёнаў завіруха і наліпанне мокрага снегу, а на дарогах галалёд — карацей, поўны комплекс неспрыяльных з’яваў надвор’я. Па ўсходзе краіны будзе парывісты вецер да 15-18 м\с. У Мінску таксама цягам дня чакаюцца працяглыя моцныя ападкі, тэмпература паветра будзе каля нуля”.
Цалкам Daniella пакіне тэрыторыю Беларусі ў ноч на 13-га студзеня. Заўтра яшчэ захаваецца снежнае надвор’е, але ападкі ўжо не будуць такімі інтэнсіўнымі. Пачынаючы з 14 студзеня пачне вяртацца халоднае надвор’е, якое было ў краіне на пачатку года. Пік прыпадзе на выхадныя дні, калі тэмпература паветра будзе 13-20 марозу, а падчас праясненняў — 23-25 градусаў ніжэй за нуль. Захаваюцца маразы і на пачатку наступнага тыдня, пацяпленне магчыма пасля Хрышчэння.