Рабочыя прадпрыемстваў Беларусі далучаюцца да пратэстаў
Рабочыя прадпрыемстваў Беларусі далучаюцца да пратэстаў. Яны падтрымліваюць акцыі супраць гвалту сілавікоў і патрабуюць сумленных выбараў.
Раніцай 14 жніўня сходы рабочых праходзяць на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова і ў Жлобіне на Беларускім металургічным заводзе. Рабочыя далучаюцца да пратэстаў, на якія ўчора падняліся БелАЗ, Белкард, "Гродна Азот", "Хімвалакно", "Інтэграл", МАЗ, МТЗ, "Керамін", "Гроднажылбуд" і іншыя буйныя прадпрыемствы.
Не ўсе прадпрыемствы бастуюць. На некаторых рабочыя сабраліся на сходы з патрабаваннем сумленных выбараў ці на акцыі салідарнасці з затрыманымі — і вярнуліся на працоўныя месцы. Але відавочна, што пратэсты рабочых паступова ахопліваюць усю Беларусь!
У Салігорску бастуюць будаўнікі трэста "Раммантажбуд". Яны патрабуюць спыніць гвалт сілавікоў, расследаваць усе яго выпадкі і пакараць вінаватых, выпусціць палітзняволеных і правесці сумленныя выбары. Гучыць і патрабаванне адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.