Работнікам "Беларуськалія" прапанавалі ўзяць навагоднія вакацыі за свой кошт
Работнікам "Беларуськалія" прапанавалі ўзяць навагоднія вакацыі за свой кошт — з 31 снежня па 7 студзеня. Пра гэта парталу TUT.by распавёў адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.
"У панядзелак нам агучылі, што з 31 снежня па 7 студзеня абвяшчаюцца вакацыі і людзей адпраўляюць у адпачынак за свой кошт, каб мінімізаваць колькасць рабочых на прадпрыемстве", — паведаміў супрацоўнік "Беларуськалія". На яго думку, на такія вакацыі адправяць каля 95% супрацоўнікаў.
Гэтыя вакацыі ён тлумачыць тым, што салігорскае прадпрыемства пакуль не заключыла кантракты па збыце руды. "Атрымліваецца, працаваць няма сэнсу: няма кантрактаў — няма збыту, прасцей адправіць людзей адпачываць, а то потым не будзе чым заробак плаціць", — тлумачыць работнік.
Па яго словах, раней браць выходныя за свой кошт супрацоўнікам ніколі не прапаноўвалі. Нават калі быў канфлікт з "Уралкаліем", работнікам плацілі 2/3 акладу.
У адміністрацыі "Беларуськалія" журналістам заявілі, што прымусова адпраўляць работнікаў у адпачынкі за свой кошт не будуць. А рашэнне пра вакацыі, маўляў, прынятае па шматлікіх просьбах саміх рабочых.
"Улічваючы шматлікія звароты работнікаў, кіраўніцтвам прадпрыемства прынята рашэнне даць магчымасць бесперапыннага адпачынку на навагоднія і калядныя святы. У перыяд з 31 снежня па 7 студзеня і так будзе пяць выходных, застаецца два працоўныя дні — 3 і 4 студзеня. Калі чалавек, напрыклад, запланаваў нейкую паездку, ён можа ўзяць гэтыя дні і спакойна адпачыць", — кажа памочнік генеральнага дырэктара Вадзім Шумак.
Калі ж нехта з рабочых не захоча адпачываць, ім прапануюць працу на вытворчасці "ў адпаведнасці з іх графікам працы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.