Рада “Моладзі БНФ”: Адлічэнне Смілевіч з БДУ — палітычна матываванае

Рада “Моладзі БНФ”: Адлічэнне Смілевіч з БДУ — палітычна матываванае

Рада “Моладзі БНФ” выступіла з заявай, у якой асуджае адлічэнне з Інстытута журналістыкі БДУ Ганны Смілевіч, новай лідаркі моладзевай арганізацыі. Аўтары заявы лічаць адлічэнне Смілевіч палітычна матываваным і звяртаюць увагу на тое, што да таго, як ачоліць “Моладзь БНФ”, дзяўчына не мела праблем з вучобай. А на цяперашняй зімовай сесіі Смілевіч не здала тры экзамены і адпаведна павінна забраць дакументы.

У заяве таксама сказана, што перад гэтым прадстаўнікі КДБ апытвалі выкладчыкаў, ці не з’яўляецца Смілевіч кіраўніцай пэўнай арганізацыі, як яна ставіцца да БНФ, БРСМ.

“Гэтае адлічэнне з’яўляецца грубым парушэннем акадэмічных свабодаў і паказнікам адсутнасці аўтаноміі універсітэтаў і цалкам пацвяржае залежнасць беларускіх дзяржаўных універсітэтаў ад ідэалагічнай вертыкалі. Па сутнасці, адміністрацыя  дзяржаўных універсітэтаў прымае рашэнні па адлічэнні студэнтаў без узважанай, справядлівай ацэнкі паспяховасці вучобы , а згодна з загадамі ідэолагаў і спецслужбаў”, — упэўненыя аўтары заявы.

Яны таксама нагадваюць, што ў 2017 годзе з гістфака БДУ быў адлічаны экс-кіраўнік “Моладзі БНФ” Юрась Лукашэвіч і цяпер ён не можа аднавіцца.

18-гадовая Ганна Смілевіч стала старшынёй “Моладзі БНФ” 24 снежня 2017 года. Яна вучылася на другім курсе Інстытута журналістыкі БДУ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі