Raiffeisen прагназуе: Інфляцыя ў Беларусі за год складзе 23%

Інфляцыя ў Беларусі па выніках 2015 года можа скласці 23%. Такі прагноз далі аналітыкі аўстрыйскай банкаўскай групы Raiffeisen. На іх думку, ВУП Беларусі сёлета знізіцца на 2%, прамысловая вытворчасць — на 5%.

Аналітыкі мяркуюць, што намінальны заробак вырасце на 15%, беспрацоўе складзе 1%, а золатавалютныя рэзервы па выніках 2015 года не зменяцца і складуць 5,1 млрд долараў.

Як перадае БелаПАН, цяперашні прагноз Raiffeisen наконт беларускай эканомікі перагледжаны ў бок пагаршэння. На пачатку года аналітыкі гэтай банкаўскай групы чакалі, што прамысловая вытворчасць у Беларусі вырасце на 1% у 2015 годзе, ВУП не знізіцца, а інфляцыя складзе 18%.

Дарэчы, на мінулым тыдні свае прагнозныя ацэнкі наконт Беларусі агучыў і Міжнародны валютны фонд. Згодна з імі, ВУП Беларусі сёлета знізіцца на 2,3%, інфляцыя складзе 22,1%.

За першы квартал 2015 года інфляцыя ў Беларусі склала 4,9%, а ВУП знізіўся на 2%. Паводле афіцыйнага прагнозу беларускіх уладаў, інфляцыя за год складзе 18-20%.

Фота — 5min.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі