"Ва ўлады няма палітычнай волі прызнаць відавочнае і замарозіць будоўніцтва АЭС"

"Ва ўлады няма палітычнай волі прызнаць відавочнае і замарозіць будоўніцтва АЭС"

Падумаць пра тое, куды будзе накіроўвацца электраэнергія Астравецкай АЭС, загадаў кіраўнік Беларусі ураду. АЭС ужо не толькі будуецца, але і працаваць хутка пачне! Каму патрэбная наша “атамная электрычнасць”, ці змогуць яе прадаць за мяжу? Што рабіць, калі выпрацаваная БелАЭС электырчнасць ніхто набываць не захоча? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Цалкам размову з Яраславам Раманчуком можна паслухаць:

Цытаты з размовы:

 

Калі толькі на этапе будаўніцтва ўзнікаюць пытанні пра тое, куды будзем дзяваць выпрацаваную АЭС электрычнасць, то гэта азначае, што ў нас катастрафічна нізкая якасць дзяржаўнага планавання.

Будуем проста таму, што далі грошы, што ў нас добрыя адносіны з расійскім атамным лобі.

Калі пачыналі будаваць АЭС, то спадзяваліся, што літоўская энергасістэма выступіць у якасці “старцера” для нашай станцыі.

Пасля ўвядзення АЭС кошт электраэнергіі для беларусаў не зменшыцца. Хутчэй, улады зачыняць “лішнія” электрастанцыі.

Сёння Беларусь набывае электраэнергію за мяжой па 4 цэнты за кілават/гадзіну. Колькі будзе каштаваць кілават/гадзіна з БелАЭС, сёння ніхто дакладна сказаць не можа.

Прадаваць электрычнасць з БелАЭС няма каму: палякі і літоўцы у нас яе браць не будуць, на еўрапейскі рынак мы “не ўціснемся”, ва Украіны сваёй электраэнергіі хапае. Дастаткова генератараў і ў Расіі ― можна прыгадаць Смаленскую АЭС.

Беларусі столькі электраэнергіі, колькі змогуць выпрацоўваць усе электрастанцыі разам з АЭС, не трэба. Калі ўсё застанецца толькі нам, то траціну існуючых генерацыйных установак трэба будзе закрыць. Альбо зніжаць кошт кілават/гадзіны да двух цэнтаў, каб гэта хоць нехта купляў.

Такім чынам, мы альбо загонім усе існуючыя электрастанцыі ў страты, альбо будзем зніжаць цэны да ўзроўню, пры якім гэтая станцыя не акупіцца. Гэта будзе такі цяжар на нашай эканоміцы.

Спадзявацца на тое, што на тэрыторыі Беларусі з’явяцца новыя прадпрыемствы, новая прамысловасць і новы попыт на электраэнергію ва ўмовах, калі няма ніякіх эканамічных рэформ, марна.

Калі Расія будзе нейкім чынам уплываць на камерцыйныя рашэнні па продажы электраэнергіі з АЭС, то яны могуць паставіць кошт такі, каб акупляльнасць гэтага праекта была 15-20 гадоў. Калі Расія ўплываць не будзе, то Беларусь можа прадаваць электрычнасць па 5-6 цэнтаў за кілават/гадзіну, а акупляльнасць гэтага праекта будзе не 15, а якіх 40 гадоў.

АЭС улады ў любым выпадку запусцяць. Няма ні палітычнай волі, ні палітычнай смеласці, каб прызнаць відавочнае і замарозіць гэты праект. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі