Расіяне ўдарылі ракетамі па Чарнігаве, шмат загінулых і параненых
Ратавальная аперацыя ў Чарнігаве пасля расійскага ракетнага абстрэлу
Як мінімум дзевяць чалавек загінулі ў выніку ракетнага ўдару, які расіяне нанеслі па Чарнігаве ў сераду раніцай. Пра гэта паведамляе Hromadske са спасылкай на кіраўніка абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслава Чавуса. Станам на 11 гадзін было вядома пра 20 пацярпелых. Чавус таксама расказаў, што расіяне нанеслі тры ракетныя ўдары па "амаль цэнтры горада".
Паводле выканальніка абавязкаў гарадскога галавы Аляксандра Ламака, пад удар трапілі аб'екты цывільнай і сацыяльнай інфраструктуры. У прыватнасці, ёсць прамое траплянне ў 8-павярховы будынак сацінфраструктуры. Таксама пашкоджаныя суседнія будынкі і аўтамабілі. На месцы працуюць усе экстранныя службы. Пошукава-ратавальная аперацыя ў горадзе працягваецца.
Пазней МНС Украіны ўдакладніла, што загінулых ужо 10. Там таксама адзначылі, што іх колькасць яшчэ можа павялічыцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.