Расія не разглядае просьбу Мінска пра крэдыт ў 100 млрд. рублёў

Расія не разглядае просьбу Беларусі пра крэдыт ў 100 мільярдаў рублёў у абмен на пераход на разлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі, заявіў 24 студзеня журналістам намеснік міністра фінансаў РФ Дзмітрый Панкін. "У іх былі ў лістах лічбы — 100 мільярдаў рублёў, мы гэта нават не разглядаем", — цытуе чыноўніка Мінфіна РІА Новости.

Ён нагадаў, што раней расійскі бок згадзіўся выдзеліць Беларусі крэдыт у аб'ёме 2 мільярдаў долараў, з якіх адзін мільярд у лістападзе 2008 г. паступіў у распараджэнне Мінска.

Панкін паведаміў, што другая частка крэдыту будзе перададзеная Беларусі пасля падпісання плана сумесных дзеянняў дзвюх краін па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансавага крызісу.

Дзяржаўны крэдыт РФ дадзены Беларусі на 15 гадоў па стаўцы LIBOR плюс 3% гадавых з адтэрміноўкай пагашэння асноўнага доўга на пяць гадоў. Гэта ўжо другі расійскі крэдыт для Беларусі — у 2007 г. РФ дала краіне крэдыт на 1,5 мільярда долараў на 15 гадоў пад стаўку LIBOR плюс 0,75%, таксама з пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжу па асноўным доўгу.

Аб'ём тавараабароту Беларусі і Расіі павялічыўся ў 2008 г. больш чым на 40% у параўнанні з папярэднім годам і, згодна з прагнозамі, дасягне рэкорднага ўзроўню ў 33 мільярды долараў.
БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі