Расія прыпыніла навуковае супрацоўніцтва з ЗША па ядзерных распрацоўках
Расія прыпыніла супрацоўніцтва з ЗША ў навуковых даследаваннях у ядзернай і энергетычнай сферах. Адпаведнае распараджэнне падпісаў расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.
Як адзначае Бі-Бі-Сі, прыпыняецца пагадненне па супрацоўніцтве, падпісанае Расіяй і Злучанымі Штатамі ў 2013 годзе. Гэты дакумент дазваляе краінам разам працаваць над праектамі рэактараў, якія змяншаюць рызыку ядзернага распаўсюджвання. У прыватнасці, ЗША і Расія меліся супрацоўнічаць у вытворчасці ядзернага паліва і распрацоўцы яго новых відаў.
Свае крокі афіцыйная Масква тлумачыць тым, што Штаты прыпынілі супрацу па некаторых напрамках гэтага пагаднення пасля таго, як увялі санкцыі супраць Расіі ў 2014 годзе.
Расійскі бок спасылаецца на рэгулярнае працягненне санкцыяў і называе вае дзеянні контрмерамі. Разам з тым, Масква захоўвае магчымасць аднавіць супрацу па гэтым пагадненні, "калі гэта будзе апраўдана з пункту погляду агульнага кантэксту адносін з ЗША".
Раней Расія прыпыніла ўжо дзеянне двухбаковага пагаднення з ЗША па ўтылізацыі плутонію. Узамен Масква патрабуе ад Вашынгтона адмяніць усе санкцыі супраць Расіі ды так званы "закон Магніцкага".