Расія страціла касмічны грузавы карабель "Прагрэс"

Расія страціла касмічны грузавы карабель "Прагрэс"

Расія страціла касмічны грузавы карабель "Прагрэс МС-04", паведамляе РБК. Яго абломкі, як пацвердзіў Раскосмас, зваліліся недзе на тэрыторыі Тувы, але большасць з іх згарэла ў атмасферы.

Паведамляецца, што страта касмічнага карабля адбылася на вышыні 190 км над бязлюднай гарыстай мясцовасцю.

Аналізам няштатнай сітуацыі займаецца дзяржаўная камісія. Раскосмас заяўляе, што страта грузавога карабля не адаб'ецца на нармальным функцыянаванні сістэм Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) і жыццядзейнасці экіпажа станцыі.

Касмічны грузавік "Прагрэс" стартаваў 1 снежня з ракетай-носьбітам "Саюз-У" з касмадрома Байканур. Сувязь з караблём была страчаная на 383-й секундзе палёту, калі працавала трэцяя ступень ракетнага рухавіка РД-0110.

Прычыны аварыі афіцыйна пакуль не паведамляюцца. Паводле неафіцыйных звестак расійскіх СМІ, прычынай аварыі трэцяй ступені ракеты-носьбіта магло стаць засмечванне трубаправода падачы паліва ў рухавік.

Карабель «Прагрэс МС-04» мусіў даставіць на МКС 2,5 т грузаў. Гэта паліва для дазапраўкі станцыі, кантэйнеры з прадуктамі, адзенне, медыкаменты, сродкі асабістай гігіены, вада і сціснутыя газы для касманаўтаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі