Расія зняла абмежаванні на ўвоз украінскай прадукцыі ў Крым
З надыходам зімовага перыяду ў Расіі з’явілася праблема забеспячэння прадуктамі анексаванага Крыму.
Россельгаснагляд заяўляе, што перашкодаў для ўвозу на паўвыспу ўкраінскай прадукцыі не існуе. Паводле ведамства, у сувязі з нестабільнасцю паставак праз паромную пераправу з-за ўмоваў надвор’я, а таксама для недапушчэння дэфіцыту прадуктаў харчавання ўрад Крыму звярнуўся ў Россельгаснагляд, каб той дазволіў завозіць сваю прадукцыю ўкраінцам. Прычым гэта тычыцца нават неатэставаных кампаній.
У зімовы перыяд адзіны шлях у Крым праз Керчанскі праліў не будзе працаваць. У портах Расіі і Керчы ўвесь час узнікаюць вялікія чэргі аўтамабіляў.
Раней Расія забараніла пастаўляць у Крым украінскую прадукцыю, але пасля просьбаў уладаў паўвыспы часткова зняла забарону, перадае УНІАН.