Расіяне нанеслі ўдар па Адэсе і Харкаве, дзясяткі пацярпелых
Наступствы расійскага нападу на Харкаў
Украінскія вайскоўцы збілі мінулай ноччу 19 ударных дронаў з 20, якія запусцілі расіяне. Пра гэта паведамляе hromadske са спасылкай на паветраныя сілы ВСУ. Акрамя дронаў расіяне запусцілі па тэрыторыі Украіны дзве ракеты С-300. Пуск быў ажыццёўлены з Белгародскай вобласці.
Ракеты былі накіраваны на Харкаў. Вядома аб 17 пацярпелых, 16 з іх — гэта жанчыны ва ўзросце ад 38 да 90 гадоў. Адзінаму пацярпеламу мужчыну 31 год. Адна з жанчын знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, у яе цяжкае пранікальнае раненне, яшчэ адна — у цяжкім. Усяго шпіталізаваны 13 чалавек.
У горадзе ў выніку гэтага нападу пашкоджаны фасады прыкладна 20 шматкватэрных жылых дамоў, памяшкання прыватнай медыцынскай установы, знішчаны 14 аўтамабіляў.
У Адэсе ў выніку атакі таксама пашкоджаны жылы дом, былі пажары. Гарэлі газавая труба, аўтамабілі, балконы на розных паверхах пяціпавярхоўкі. Ратавальнікі эвакуіравалі каля 130 чалавек. Для іх арганізавалі мабільны пункт абагравання. Выбухной хваляй пашкоджана 8 аўтамабіляў, яшчэ 4 знішчаны агнём. Тут таксама ёсць пацярпелыя, дзве жанчыны і мужчына.
Супрацьпаветраная абарона гэтай ноччу працавала таксама ў Запарожскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай і Кіраваградскай абласцях Украіны.
Расіяне таксама паведамляюць аб нападзе. Мінабароны гэтай краіны кажа, што над Белгарадскай вобласцю былі знішчаны сем ракет "Альха" і некалькі беспілотнікаў. Па словах кіраўніка рэгіёну Вячаслава Гладкова, папярэдне ніхто не пацярпеў. Толькі ў некалькіх жылых дамах у Белгарадскім раёне выбіта шкло, у адным з дамоў пашкоджаны дах, гарэла гаспадарчая пабудова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.