Расіяне ноччу атакавалі Кіеў і Запарожжа, ёсць параненыя
Ратавальнікі ліквідуюць наступствы начнога нападу расіян у Кіеве
Расійскія войскі ў ноч на чацвер атакавалі Кіеў ударнымі дронамі тыпу Shahed, пра гэта паведамляе Hromadske. У выніку падзення абломкаў адбылася разгерметызацыя газавай трубы ў пяціпавярхоўцы. У жылым доме пачаўся пажар, яго патушылі. Абломкі ўпалі таксама на тэрыторыю дзіцячага сада. Акрамя таго, пашкоджаны некалькі дзясяткаў аўтамабіляў. У абласной ваеннай адміністрацыі кажуць, што ў напрамку Кіева ляцелі больш за 15 расійскіх беспілотнікаў. 10 з іх украінскія СПА збілі.
Гэтай ноччу пад ударам былі і іншыя гарады Украіны, у прыватнасці Івана-Франкоўск, Сумы і Запарожжа. У выніку абстрэлу Запарожжа паранены восем чалавек. Пра гэта паведаміў кіраўнік мясцовай вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў. Паводле яго слоў, расіяне патрапілі ў жылыя дамы і тэрыторыю аднаго з прамысловых прадпрыемстваў. Раненні атрымалі чатыры жанчыны, двое мужчын і 14-гадовы хлопчык. Адзін з пацярпелых знаходзіцца ў цяжкім стане. А ўсяго за мінулыя суткі, 25 верасня, расійскія войскі нанеслі 424 удары па 11 населеных пунктах Запарожскай вобласці. Паступілі 126 паведамленняў аб разбурэнні жылых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.