Расіяне пачалі контрнаступ у Курскай вобласці
Расійскія вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота
Расійскія войскі пайшлі ў контрнаступ у Курскай вобласці. Пра гэта паведамляе шэраг украінскіх і расійскіх ваенных рэсурсаў.
Украінскі ваенны партал Deep State паведамляе, што расійскія часці прасоўваюцца ў Коранеўскім раёне Куршчыны. З'явілася відэа, як расійская калона бранятэхнікі (як мінімум восем танкаў і бронемашын) урываецца ў вёску Снагасць — важны апорны пункт УСУ на гэтым кірунку.
Амерыканскі ваенны эксперт Роб Лі заяўляе, што расіяне змаглі пераправіць бранятанкавыя сілы праз раку Сейм, нягледзячы на ўкраінскія ўдары па мастах, піша Бі-бі-сі.
Z-каналы пішуць, быццам расіянам удалося адваяваць у Коранеўскім раёне восем вёсак і да 150 кв. км тэрыторыі.
Украіна афіцыйна пакуль не каментуе інфармацыю пра контратакі і прасоўванні расійскай арміі ў Курскай вобласці. Перад гэтым украінцы вывелі з ладу ўсе тры масты праз раку Сейм, а пантонныя пераправы яны планамерна знішчалі ракетнымі ўдарамі.
Аналітыкі Бі-бі-сі мяркуюць, што расійскія часткі могуць нанесці ўдар у кірунку вёсак Любімаўка і Новаіванаўка на трасе Рыльск — Суджа. Іх страта створыць сур'ёзную небяспеку для перадавых часцей ЗСУ пад Кораневам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.