Расіяне пра беларускі Парад Перамогі: Вельмі мала бачым георгіеўскіх стужак
Паглядзець на святочнае шэсце 9 траўня прыходзілі ў тым ліку і з савецкімі сцягамі. А ўладальнікі георгіеўскіх стужак пераважна аказваліся расіянамі.
Паглядзець на шэсце, прымеркаванае да Дня перамогі, прыйшло безліч турыстаў: гучала і англійская мова, і польская, і латышская, і кітайская… Шмат было і расійскіх турыстаў. Адсюль вялікая колькасць расійскіх ды савецкіх сцягоў. А калі на людзях былі георгіеўскія стужкі, то ў большасці гэта аказваліся нашы ўсходнія суседзі. Падыходжу да адной такой “георгіеўскай” кампаніі:
“Стужкі з Расіі, мы прывезлі іх з сабой. Мы думалі, надзяваць ці не надзяваць. І ў выніку вырашылі падтрымаць нашу традыцыю. Чаму не? ― даводзяць Еўрарадыё маладзёны, якія прыехалі ў Мінск на травеньскія святы. ― Нам прывілі ў Расіі тое, што гэта знак Дня перамогі. Таму мы падумалі, што ўсе брацкія краіны так жа да гэтага ставяцца. Але тут мы вельмі мала бачым людзей з георгіеўскімі стужкамі. Хоць казалі, што раней усе насілі”.
Цікава, што як толькі пайшла інфармацыя пра адмову ад георгіеўскай стужкі ў беларускіх дзяржаўных арганізацыях, нашы людзі хутка пад гэта адаптаваліся і павязвалі сабе стужку ў чырвона-зялёных колерах. Але супраць уладальнікаў георгіеўскіх стужак ніхто не пратэстуе.
“Мы ў Мінску першы раз, тут камфортна. Людзі добразычлівыя, ― выказваюцца дзве масквічкі Кацярыны, якія прыехалі на чэмпіянат свету па хакеі. ― У нас падчас Дня перамогі больш пафаснасці. Тут ― больш душэўна і сардэчна”.
Замежныя нерасійскія турысты ахвотна махалі чырвона-зялёнымі сцяжкамі і надзявалі кепкі з дзяржаўным беларускім гербам.
“У нас такія парады не праходзяць, ― распавядае хакейны заўзятар з Латвіі Юрыс, адзін з уладальнікаў такой кепкі. ― Ёсць асобныя мерапрыемствы, калі людзі падыходзяць да помніка Перамогі. А 9 траўня не адзначаецца. Толькі 8 траўня ў Латвіі прыгадваюць усіх палеглых падчас вайны салдат”.
Георгіеўскую стужку павязваў на сябе і далёка не кожны наш ветэран Другой сусветнай. Пасля таго, што стала ва Украіне, далёка не кожны імкнецца да аб’яднання з Расіяй.
Лётчык Вялікай Айчыннай Уладзімір Лабуц (92 гады) спачатку хваліць Пуціна “за Крым”, але на пытанне пра далучэнне Беларусі да Расіі выказваецца ў іншым ключы:
“Ну, Беларусь заўжды была працавітая рэспубліка. Я і сам, хоць і мінчанін карэнны, але бульбу перакопваў, і грыбы збіраў і трусаў трымаў у галодныя гады. Выжылі. У нас усё ёсць ― і рэкі, і лясы, клімат добры, дыхаць лёгка”.
Еўрарадыё: Дык усё ж ці будзем далучацца да Расіі, калі прапануюць?
“Я лічу, што мы і самі справімся. Мы Савецкі саюз і трактарамі, і аўтамабілямі забяспечвалі. Мы былі зборачным цэхам СССР. І авіязаводы працавалі”, ― намякае ветэран на абсалютную самадастатковасць беларусаў.
Па заканчэнні шэсця Аляксандр Лукашэнка падчас выступу перш-наперш зрабіў акцэнт на вялікім беларускім унёску ў разгроме нацыстаў.
Людзей у раёне Плошчы Перамогі сабралася сапраўды шмат. Як кажуць, атмасфера была святочнай. Яшчэ год таму гэтак жа добразычліва расіян віталі і ў многіх украінскіх гарадах, дзе сёння ідзе вайна.