Расіяне забралі ў гамельчука два матацыклы і спрабавалі забіць яго
У Гомельскім абласным судзе будуць судзіць расіяніна за разбой і замах на забойства. Яго крымінальную справу накіравала ў суд пракуратура Гомельскай вобласці, паведамляецца на сайце prokuratura.gov.by.
Паводле звестак следства, двое расіян дамовіліся з жыхаром Гомельшчыны, што купяць у яго матацыкл. У жніўні 2017 года яны прыбылі ў Беларусь.
Аднак сустрэча для нашага суайчынніка прайшла непрыемна. Расіяне забралі ў гамельчука два матацыклы — "Suzuki" і "Yamaha": адзін з іх быў на продаж, а другі належаў прадаўцу. Са скрадзенай маёмасцю агульным коштам больш за 19 тысяч рублёў расіяне паспрабавалі схавацца ў сваёй краіне.
Праваахоўнікі здолелі затрымаць аднаго з расіян, а другі здолеў схавацца на тэрыторыі Расіі. Цяпер ён абвешчаны ў вышук.