Расіянін Маскалёў, затрыманы ў Мінску, знайшоўся ў жодзінскім СІЗА
Аляксей Маскалёў / AP Photo
Расіянін Аляксей Маскалёў, затрыманы ў Мінску, а потым зніклы, знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА, паведамляе ТГ-канал Daily Storm са спасылкай на МЗС Расіі. У Жодзіне Маскалёў чакае рашэння аб дэпартацыі.
"Станам на 4 красавіка згаданы грамадзянін пераведзены ў СІЗА горада Жодзіна, дзе чакае рашэння аб дэпартацыі. Мяркуецца, што Маскалёў будзе перададзены ў Расійскую Федэрацыю для адбывання пакарання на падставе рашэння, раней вынесенага Яфрэмаўскім міжраённым судом Тульскай вобласці", — заявілі ў прэс-службе МЗС.
Расійскія дыпламаты кажуць, што на здароўе і ўмовы мужчына не скардзіцца.
Як распавядала Еўрарадыё, расіяніна Аляксея Маскалёва асудзілі на два гады калоніі за антываенныя каментары ў "Аднакласніках". Падчас суда ён быў пад хатнім арыштам. А ў дзень вынясення прысуду стала вядома, што мужчына збег. Пазней яго затрымалі ў Мінску.
Пэўны час пра яго не было ніякіх звестак. Адвакаты Маскалёва заяўлялі, што не ведаюць пра яго месцазнаходжанне.
Крымінальны пераслед Маскалёва пачаўся пасля таго, як яго дачка Маша, якую ён выхоўваў адзін, намалявала на ўроку антываенны малюнак. Дзяўчынку забралі ў прытулак, а пазней перадалі маці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.