Расіянін вёз з Беларусі кантрабандай 2 кг бурштыну
На беларуска-літоўскай мяжы мытнікі спынілі кантрабанду неапрацаванага бурштыну. Грамадзянін Расіі спрабаваў незаконна вывезці камень праз пункт пропуску "Катлоўка", паведамляе прэс-служба Гродзенскай рэгіянальнай мытні.
Расіянін на аўтамабілі "Шкода" ехаў па "зялёным" калідоры, тым самым заявіўшы, што не вязе тавары, якія неабходна дэклараваць. Але мытны кантроль выявіў пяць камянёў бурштыну. Вага кожнага з іх складае ад 300 да 500 грамаў. Мужчына схаваў іх у кішэнях пінжака і джынсаў і заявіў, што яны з'яўляюцца сувенірнымі вырабамі. Агульная вага камянёў складала каля 2 кілаграмаў.
Аднак экспертыза выявіла, што мужчына вёз неапрацаваны бурштын. Яго вываз з тэрыторыі Еўразійскай эканамічнай супольнасці фізічнымі асобамі ў якасці тавару для асабістага карыстання забаронены.
На расіяніна склалі адміністрацыйны пратакол. Бурштын канфіскаваны.