Расійскага геолага ў Беларусі на паліграфе дапыталі супрацоўнікі КДБ
Аляксей Калеснічэнка здымаў адміністрацыйныя будынкі і атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту, нібыта, за лаянку ў грамадскім месцы.
Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання ў беларускім горадзе Лоеве (Гомельская вобласць) грамадзяніна Расіі, які здымаў адміністрацыйныя будынкі. Здарэнне адбылося 23 лютага. Расіянін Аляксей Калеснічэнка трапіў пад адміністрацыйны арышт. Як паведамляла Еўрарадыё, пасля гэтага выпадку МУС Беларусі выдаў унутранае распараджэнне, паводле якога міліцыя мусіла па ўсёй краіне выяўляць, дастаўляць у пастарункі грамадзян, якія здымаюць будынкі дзяржорганаў ці сілавых структур. У розных гарадах затрымлівалі журналістаў і турыстаў.
Будынкі забаранілі здымаць пасля затрымання расійскага дыверсанта? (тэкст)
"Наша ніва" паразмаўляла з расійскім турыстам Аляксеем Калеснічэнкам пасля яго выхаду на волю. Высветлілася, што ён — навуковы супрацоўнік Геалагічнага інстытута Расійскай Акадэміі навук, кандыдат геолага-мінералагічных навук. У лютым расіянін паехаў у вандроўку па бліжнім замежжы. Пабываў у Полацку, Мінску, Гродне, Свіслачы, Баранавічах, Ляхавічах, Бабруйску, Гомелі, адкуль на два дні ездзіў у Кіеў.
Пасля вяртання з Украіны Калеснічэнка апынуўся ў Лоеве, дзе здымаў "усё запар", у тым ліку і будынак мясцовай міліцыі. У яго праверылі дакументы, "прабілі" па базе дадзеных, цікавіліся, чаму ён ездзіў ва Украіну. Калі ж знайшлі ў камеры здымкі вакзалаў, аэрапортаў, самалётаў, расіянінам зацікавіліся супрацоўнікі КДБ. Яны правялі некалькі допытаў, у тым ліку з выкарыстаннем паліграфа.
Аляксей Калеснічэнка кажа, што супрацоўнікі КДБ так і не дамагліся ад яго нічога і аддалі яго назад міліцыянерамм. Тыя склалі пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы, і ў выніку грамадзяніна Расіі асудзілі на 10 сутак. На волю ён выйшаў 5 сакавіка
Аляксей гаворыць, што нічога падобнага з ім ніколі не здаралася. "У ізалятары часовага ўтрымання сукамернік параіў напісаць заяву ў генпракуратуру ў Расіі, але, па-першае, у мяне няма копіі прысуду суда, а па-другое, калі справа пойдзе, то прызначаць суд у Гомелі і мне давядзецца туды ехаць і хто ведае, што там са мной будзе. Могуць яшчэ што-небудзь прыпісаць. У Беларусь у бліжэйшы час не паеду", — сказаў Калеснічэнка ў інтэрв'ю "Нашай ніве".
Фота з сацыяльных сетак.