Будынкі забаранілі здымаць пасля затрымання расійскага дыверсанта? (тэкст)

Адсканаваная копія дакумента, падпісанага намеснікам міністра Мельчанкам і датаваная 25 лютага, з’явілася на адным з форумаў. Калі верыць гэтаму дакументу, то прычынай павышанай увагі да ўсіх, хто фатаграфуе, альбо здымае на відэа адміністрацыйныя будынкі стала затрыманне грамадзяніна Расіі ў Лоеве. Калеснічэнка А.А. нібыта быў затрыманы ў 10 гадзін 23 лютага падчас фатаграфавання мясцовага РУУС. Пасля, ужо ў пастарунку ў яго фотаапараце знайшлі фота іншых адмінбудынкаў.

Начальнік мінскай міліцыі: Ніхто нікому не забараняе фатаграфавацца

У дзяжурнай частцы Лоеўскага РУУС Еўрарадыё пацвердзілі, што грамадзянін Расійскай Федэрацыі насамрэч быў затрыманы 23 лютага. Ён быў апытаны і нават асуджаны за “адміністрацыйнае правапарушэнне”. Дзе гэты грамадзянін знаходзіцца цяпер і які яго лёс, лоеўскія міліцыянты паведаміць адмовіліся.

Ніжэй цытуем тэкст апублікаванага ў інтэрнэце дакумента цалкам:

“23 лютага 2015 года ў 10.00 ля будынка Лоеўскага РУУС затрыманы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Калеснічэнка А.А., які пры дапамозе фотаапарата здзяйсняў здымку будынка РУУС і размешчанага побач ваенкамата. Пры даглядзе вынятых у яго рэчаў на унутраным носьбіце інфармацыі фотаапарата былі знойдзеныя 15 фотаздымкаў з выявамі будынкаў дзяржаўных органаў, чыгуначнага вакзала Гомеля, а таксама фрагментаў унутарных і знешніх частак паветранага судна.

З мэтай выключэння аналагічных правакацыйных дзеянняў, а таксама ў выкананне Указання Міністра унутраных спраў Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні грамадскай бяспекі неабходна:

— Арыентаваць супрацоўнікаў УУС, якія нясуць службу ў складзе штатных нарадаў, а таксама нарадаў, задзейнічаных у ахове грамадскай бяспекі ў адзінай дыслакацыі, на выяўленне, затрыманне і дастаўку ва УУС асобаў, які ажыццяўлялі фота- і відэаздымкі будынкаў дзяржаўных органаў, у тым ліку тых, якія ажыццяўляюць праваахоўную дзейнасць, а таксама крытычна важных аб’ектаў. Папярэдзіць аб неабходнасці павышэння пільнасці падчас нясення службы.

— Падчас ажыццяўлення разбіральніцтва з дадзенымі асобамі абавязкова забяспечыць іх асабісты вобшук, апытанне, праверку па базам дадзеных МУС, а таксама пастаноўку на дакта-, фота і відэаулік.

— Арганізаваць праверку фота-, гука, відэазапісваючай апаратуры, якія знаходзяцца пры іх, іншых прыладаў, якія выкарыстоўваюцца для гэтых мэтаў, а таксама абсталявання для прыёму і перадачы дадзеных па правадных і бесправадных каналах сувязі.

— Пра кожны факт затрымання такіх асобаў неадкладна інфармаваць упраўленне аператыўна-дзяжурнай службы міліцыі грамадскай бяспекі МУС па тэлефоне з наступным прадстаўленнем на працягу трох гадзін тэлеграмы з тлумачэннем абставінаў выяўленага правапарушэння і прынятых мер.

Намеснік Міністра, генерал-маёр міліцыі Н.А.Мельчанка".

Расійскага геолага ў Беларусі на паліграфе дапыталі супрацоўнікі КДБ

Дзе затрымлівалі за фота будынкаў

Першая інфармацыя пра затрыманне міліцыяй за фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў з’явілася 27 лютага — супрацоўніка “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Дзмітрыя Ласько амаль чатыры гадзіны пратрымалі ў пастарунку пасля таго, як ён спрабаваў зрабіць фота будынка Акадэміі навук. Міліцыянты пры гэтым спасылаліся на унутранае распараджэнне МУС, датаванае 25 лютага. Акурат гэтая дата стаіць на распаўсюджанай 10 сакавіка ў інтэрнэце копіі.

Пазней паведамленні аб затрыманнях за фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў пачалі прыходзіць і з іншых рэгіёнаў краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі