Журналіста Канстанціна Жукоўскага затрымалі за здымкі суда

Журналіста-фрылансера Канстанціна Жукоўскага з Гомеля затрымалі на ўласным судзе, дзе яго трэці раз судзілі за "незаконны выраб прадукцыі СМІ". Суд прызнаў фрылансера вінаватым і пакараў штрафам у 4,5 мільёна рублёў.


На выхадзе з суда Канстанціна Жукоўскага і яго калегу Наталлю Крывашэй затрымалі і нават выклікалі групу захопу, бо ахоўнік суда націснуў "трывожную кнопку". Пра гэта Еўрарадыё распавёў сам Канстанцін Жукоўскі.


Жукоўскі: "Мы выйшлі з суда, і я пачаў фатаграфаваць шыльду. Тут міліцыянт у мяне выхоплівае штатыў і выганяе нас. Мы пайшлі даведацца яго асабістыя дадзеныя. А ён уключае "трывожную кнопку". Мы засталіся дачакацца міліцыю. Нас завезлі ў РАУС, узялі тлумачэнні і адпусцілі".


Журналісты правялі ў аддзеле міліцыі больш за тры гадзіны. Па словах Жукоўскага, пратаколаў на іх міліцыянты не складалі. Толькі патлумачылі, што да адміністратыўных будынкаў цяпер павышаная ўвага.


Нагадаем, яшчэ ў лютым за фатаграфаванне Акадэміі навук быў затрыманы фотакарэспандэнт "Комсомольской правды" Дзмітры Ласько. Пасля затрымалі блогера ў Іўі, бо той фатаграфаваў ЗАГС і кінатэатр.

Фота: finatica.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі