Расійскага сенатара затрымалі проста ў парламенце
Дзмітрый Савельеў
Проста ў расійскім парламенце сілавікі затрымалі сенатара Дзмітрыя Савельева. Яго падазраюць у падрыхтоўцы да забойства дзелавога партнёра, які сядзеў у калоніі, заяўляюць у Следчым камітэце Расіі.
Падзеі адбыліся ў 2023 годзе. Савельеў вырашыў забіць свайго дзелавога партнёра Іёнава. Той растраціў грошы іх сумеснай кампаніі і за гэта ўжо трапіў за краты.
Савельеў заплаціў пасярэднікам 100 тысяч долараў. Кілерам нанялі былога супрацоўніка Федэральнай службы выканання пакаранняў, але ён звярнуўся ў ФСБ, піша "Новая газета — Европа". У выніку забойства было інсцэнаванае, а Савельеў перадаў грошы. ФСБ затрымала яго і пасярэдніка пры перадачы грошай выканаўцу.
Савельеў — член Савета Федэрацыі ад "Адзінай Расіі" з 2016 года, ён прадстаўляе Тульскую вобласць. Да таго часу ён з 1999 года быў дэпутатам Дзярждумы. У сярэдзіне 1990-х узначальваў структуры ЛУКОЙЛа, у 1998-1999 гадах быў гендырэктарам дзяржкампаніі "Транснафта", пасля чаго купіў яе буйных падрадчыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.