Расійскага журналіста выпусцілі, беларускіх затрымалі
У Мінску вызвалілі спецкарэспандэнта інтэрнэт-выдання "Медуза" Максіма Солапава. Яго перадалі супрацоўнікам амбасады Расіі.
Солапава затрымалі ў ноч на 10 жніўня, калі беларускія сілавікі разганялі вулічныя пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яго пасадзілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Сувязі з журналістам не было 43 гадзіны.
Пры затрыманні журналіста збілі, у яго лёгкая чэрапна-мазгавая траўма. Па медыцынскую дапамогу ён звернецца ўжо ў Маскве. Да мяжы з Расіяй яго суправаджаюць супрацоўнікі амбасады.
11 жніўня выданне Daily Storm апублікавала відэа жорсткага затрымання Солапава.
Дарэчы, сёння ў Мінску расійскага журналіста вызвалілі, а беларускіх затрымалі. Як паведамляе "Белсат", затрымалі Паўла Патапава і Івана Мураўёва. Яны ехалі ў машыне і здымалі вулічныя падзеі на тэлефоны. Аўтамабіль спынілі даішнікі і прагледзелі фотагалерэю ў тэлефонах, якая ім не спадабалася. Таму журналістаў затрымалі. Куды іх павезлі, невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.