Расійскі амбасадар расказаў, якая інтэграцыйная дарожная карта не ўзгодненая
Расійскі амбасадар Яўген Лук'янаў у чацвер на прэс-канфрэнцыі ў Мінску расказаў, якая інтэграцыйная дарожная карта Мінскам і Масквой яшчэ не ўзгодненая. Па яго словах, яна звязана з энерганосьбітамі, узаемаразлікамі, цэнамі, акцызамі. Дарожная карта па падатковай палітыцы "ў цэлым прынятая". Больш падрабязна ён не стаў спыняцца на гэтым пытанні.
Пра тое, што засталося ўзгадніць толькі адну інтэграцыйную карту з амаль трох дзясяткаў, нядаўна ўжо заяўляў амбасадар Расіі. Але ён не ўдакладняў, якую менавіта. Раней беларускі бок заяўляў пра перамовы па дзвюх праграмах: па нафтагазавай сферы і па збліжэнні падатковага, мытнага заканадаўства Беларусі і Расіі.
Таксама Лук'янаў сказаў, што Расія пакуль не будзе адкрываць наземную мяжу з Беларуссю для свабоднага перамяшчэння людзей. РФ закрыла мяжу з Беларуссю ў сакавіку 2020 года. Такое рашэнне тлумачылася мерамі па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруса.
Яўген Лук'янаў заявіў, што "Расія Беларусь у бядзе не пакіне". У тым ліку і ў сытуацыі з санкцыямі.
"Шчыра кажучы, мы супраць Беларусі ніякай алергіі або раздражнення ніколі не адчувалі, — працягваў амбасадар. — Заўсёды рады, што братэрскі нам народ разам з намі, а мы разам з ім". А тое, як гэта ўспрымаецца на Захадзе, Маскву хваляваць не павінна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.