Расійскі амбасадар сказаў, дзе будзе размяшчацца сховішча для ядзернай зброі

Ядзерную зброю пагражаюць размясціць на захадзе Беларусі / twitter.com/GlobNews24
Ядзерную зброю пагражаюць размясціць на захадзе Беларусі / twitter.com/GlobNews24

Ядзерную зброю ў Беларусі размесцяць, нягледзячы на шум, які падняўся ў Еўропе і ЗША. Пра гэта расійскі амбасадар Барыс Грызлоў заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ.

Ён спаслаўся на тое, што ЗША размясцілі сваю ядзерную зброю ў Італіі, Бельгіі, Нідэрландах, Германіі ды Турцыі. Таму Расія, маўляў, мусіць павышаць бяспеку Саюзнай дзяржавы.

"Расія і Беларусь — гэта тэрыторыя Саюзнай дзяржавы, прычым яна ўзаконеная, у адрозненне ад тэрыторый іншых краін. на якіх ЗША размяшчаюць сваю ядзерную зброю. Гэта проста іх марыянеткі, у нас гэта адзіная прастора", — заявіў прадстаўнік Расіі.

Грызлоў таксама паведаміў, што тактычная ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі "будзе прысунутая да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы".

25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў, што на тэрыторыі Беларусі будзе размешчаная тактычная ядзерная зброя. Па яго словах, пра гэта даўно прасіў Аляксандр Лукашэнка. Спецыяльнае сховішча для гэтага ўзбраення плануюць пабудаваць да 1 ліпеня 2023 года.

Заява выклікала шырокі розгалас у свеце і нават абмяркоўвалася на Савеце бяспекі ААН. Дзярждэп ЗША назваў гэтыя планы "чарговым прыкладам безадказнай рыторыкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі