Расійскі палітолаг: У палітычнай метадалогіі Лукашэнкі шмат азіятчыны
Чаму затрымліваецца вызваленне Баўмгертнера і хто заплаціць Мінску 100 мільёнаў долараў, разважае расійскі палітолаг Аляксей Уласаў.
Еўрарадыё: Памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў выказаў спадзяванне на хуткае вызваленне гендырэктара “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнера і нараканні на затрымкі гэтага вызвалення. З чым, на ваш погляд, гэтыя затрымкі звязаныя?
Аляксей Уласаў: Я ўпэўнены, што цяпер ідуць нейкія кулуарныя перамовы. І, па шчырасці, і таму, і другому боку неабходна як мага хутчэй выйсці з гэтага канфлікту з мінімальнымі стратамі. Бо ў кастрычніку-лістападзе павінны адбыцца перамовы на вышэйшым узроўні па першым варыянце Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. І, як вы разумееце, сустрэча Лукашэнкі, Пуціна і Назарбаева ў бэк-граўндзе з “Уралкаліем” – гэта быў бы не вельмі добры інфармацыйны фон для такога саміту. Задача Сечына, які, як я разумею, урэгуляваў сітуацыю з расійскага боку, – дабіцца з найменшымі стратамі найбольшага выніку ў максімальна сціслыя тэрміны. А калі такія кулуарныя перамовы ідуць, то ўзнікаюць, відаць, нейкія нефармальныя складанасці, на пераадольванне якіх спатрэбіцца яшчэ тыдзень-два.
Еўрарадыё: Ці азначае гэта, што яшчэ тыдзень-два Баўмгертнер вымушаны будзе карыстацца гасціннасцю СІЗА КДБ?
Аляксей Уласаў: Не бяруся казаць. Магчыма, гэтыя “нефармальныя складанасці” будуць пераадолены хутчэй. Але ў мяне няма сумневаў у тым, што яны будуць пераадолены. І ўзгаданая заява крамлёўскіх чыноўнікаў сведчыць пра тое, што пытанне вырашаецца, але… Але ж яно вырашаецца! Відавочна, што ў кароткатэрміновай перспектыве гэтая тэма будзе закрыта.
Еўрарадыё: Можа, перамоўны працэс упёрся ў тыя 100 мільёнаў долараў стратаў, панесеных беларускім бокам з-за дзейнасці Баўмгертнера?
Аляксей Уласаў: Найхутчэй, вакол гэтага і ідзе гандаль. Не будзем лезці ў падрабязнасці дзейнасці гэтага СП і таго, хто насамрэч у каго грошы “ўводзіў” – у кожнага боку свая праўда. Тым не менш, верагодна, што зараз вырашаецца пытанне: як кампенсаваць беларускаму боку тое, што яны палічылі сваімі стратамі ад дзейнасці менеджэраў “Уралкалія”. І тады ўсе прэтэнзіі будуць знятыя.
Еўрарадыё: І хто будзе кампенсаваць – “Уракалій” ці Расія?
Аляксей Уласаў: Пакуль мы толькі разважаем, як менавіта вырашыцца гэты канфлікт. А казаць пра тое, ці будзе кампенсацыя, у якім аб’ёме і якім чынам будзе адбывацца кампенсацыя гэтых страт беларускага боку. Гэта тое пытанне, якое можа быць вырашана не шляхам наўпроставай кампенсацыі, а праз нейкія пэўныя льготы беларускаму боку. Як гэта здаралася і раней. Не выключана, што нават прызнанне расійскім бокам гэтых беларускіх страт наўпрост ставіцца не будзе. Скажам так: будзе зроблена нешта, каб у выніку ні адзін з бакоў не застаўся ў накладзе. Калі беларускі бок будзе працягваць жорстка апеляваць да неабходнасці кампенсацыі ўласных страт. У кожным выпадку, не будзе так, што прывязуць чамадан з грашыма і паставяць ля ганку прэзідэнцкай адміністрацыі – не, зразумела!
Еўрарадыё: Вы кажаце: “у кожнага боку свая праўда”. А ў каго, на ваш погляд, праўды ў гэтым канфлікце больш?
Аляксей Уласаў: Так пытанне ўвогуле нельга ставіць. Такія кампаніі, якія займаліся калійным бізнесам, яны ад пачатку былі пабудаваныя па вельмі складаных схемах, у якія апроч бізнес-разлікаў закладзены пэўны палітычны інтарэс. І калі палітычны інтарэс раптам аказваецца на другім плане з-за незадаволенасці ўладальнікаў як з таго, так і з іншага боку сваімі партнёрамі, то гэта прыводзіць да таго, што і так не простыя расійска-беларускія адносіны ў сферы эканомікі абвастраюцца канчаткова. Так было і раней, але ў іншых бізнесах. А тут з-за фігуры Керымава і з-за таго, як затрымлівалі ў мінскім аэрапорце топ-менеджэра “Уралкалія”, скандал стаў двойчы непрыемным і актыўна “падсвечаным” у медыя-полі. Такім чынам, прычына, найхутчэй, не ў тым, хто ў каго “ўвёў” грошы, а ў тым, што гэтыя бізнесы пабудаваныя па… не зусім лінейных схемах. А ў такіх сітуацыях дастаткова аднаго збою, каб цалкам уся сістэма перастала працаваць.
Еўрарадыё: Вернемся да пытання “затрымкі з вызваленнем” Баўмгернера, пра якую казаў Ушакоў – нешта я не прыгадаю, каб з Крамля на афіцыйным узроўні гучалі жорсткія патрабаванні вызваліць гэтага грамадзяніна Расіі цягам пэўнай колькасці дзён?
Аляксей Уласаў: Насамрэч, заявы Шувалава і Дварковіча гучалі дастаткова жорстка. А ў сітуацыі, калі Крэмль паказваў, што ён не хоча ціснуць на афіцыйным узроўні, а спрабуе даць Мінску магчымасць абдумаць і прыняць правільнае рашэнне ў адносінах да сваіх дзеянняў, гэта акурат тое, што трэба. Пакуль “карны меч” не занесены. А ўсё таму, што зараз для Расіі найбольш важна падпісаць гэтую дамову наконт Еўразійскага эканамічнага саюза. А мы ж не можам гандляваць наконт такіх рэчаў, маючы за плячыма не вырашаны канфлікт! Закрыць, вырашыць, але – з найменшымі стратамі! Будзе так.
Еўрарадыё: Які лёс у Расіі чакае Баўмгернера?
Аляксей Уласаў: Каб на гэта адказаць, неабходна валодаць інсайдарскай інфармацыяй пра тое, як адрэагавалі на яго затрыманне ў керымаўскім атачэнні.
Еўрарадыё: Мяне больш цікавіць не магчымасць яго вяртання ў “керымаўскае атачэнне”, а верагоднасць судовага працэсу над ім у Расіі.
Аляксей Уласаў: І на гэта цяжка адказаць: мне пакуль не вельмі зразумела, на якіх канчатковых умовах будзе гэты канфлікт вычарпаны. У залежнасці ад гэтага, калі стане канчаткова зразумела, пра што дамовіліся Масква і Мінск, тады можна будзе больш адназначна адказваць і на гэта пытанне.
Еўрарадыё: Ці дае гэты канфлікт Аляксандру Лукашэнку права настойваць на сваіх умовах падпісання гэтай чарговай Еўразійскай дамовы?
Аляксей Уласаў: Насамрэч, асноўныя перамоўшчыкі тут – Расія і Казахстан. Гэта не азначае, што Беларусь знаходзіцца на нейкай перыферыі, але найбольш сур’ёзныя дыскусіі разварочваюцца па лініі Масква-Астана. Проста таму што ў іх больш тых рэалій, якія можна дзяліць і якія можна ўзгадняць. Беларускі бок актыўны з пункту гледжання сваёй рыторыкі: крытыка Захаду, ЕС, “нам гэта не трэба”, “давайце хутчэй прасоўвацца па інтэграцыйных трэках”, але рэаліі інтэграцыі – гэта тое, што вырашаецца непасрэдна паміж Масквой і Астаной. Мінск не выключаны з гэтага працэсу, але ў мяне такое адчуванне, што яго стрыжань – Назарбаеў і Пуцін. А Лукашэнка па маштабах інтэграцыйнага патэнцыялу не з’яўляецца ўладальнікам кантрольнага пакета на гэтых перамовах. Але! Па апошніх падзеях мы бачым, што Лукашэнка, хоць ён палітык і не з Цэнтральнай Азіі, але ў яго палітычнай метадалогіі шмат, у добрым сэнсе гэтага слова, азіятчыны – умее ён зрабіць так, каб да яго слоў таксама прыслухоўваліся. Магчыма, гэта адзін са сродкаў здабыць нейкую прыладу, з дапамогай якой можна было б адстойваць інтарэсы Беларусі. Такі варыянт магчымы, а не варыянт прамога гандлю.
Еўрарадыё: Эксперты спрачаюцца: ці перамог і гэтым разам Лукашэнка Пуціна?
Аляксей Уласаў: Трэба ўвогуле ад пачатку расійскаму боку паблажліва ставіцца да такіх сітуацый. Разумець спецыфіку беларускай палітыкі і спецыфіку адносінаў дзяржавы і бізнесу. З тым, каб, калі ўжо вырашылі партнёрскія стасункі будаваць, то давайце ўваходзіць у становішча! Але, зразумела, не дапускаць таго, каб публічна складалі дулю ў кішэні. Мяркую, нейкія крокі будуць зробленыя для таго, каб у будучым такога не паўтарылася.
Еўрарадыё: Сустрэнуцца Лукашэнка з Пуціным на еўразійскім саміце: калійны канфлікт вырашаны, але ж “асадачак застаўся”. З калійных соляў…
Аляксей Уласаў: Нічога страшнага! Мы заўсёды ведаем, што ёсць звышзадачы, дзеля якіх можна на дробязі ды непрыемныя эпізоды і забыцца. Як і ў выпадку з “Хросным бацькам”, і больш раннімі войнамі на нафтагазавым фронце – усё, забыліся! Мэта зразумелая: падпісаць дамову, уступіць у Еўразійскі эканамічны саюз. Гэта стратэгічны прыярытэт, а ўсё астатняе – дробязі.
Еўрарадыё: А як наконт меркаванняў, што ўвесь гэты калійны канфлікт – спланаваная сумесная гульня Лукашэнкі і Пуціна?
Аляксей Уласаў: Не, мяркую, што тут сапраўды былі пэўныя страты ў канкрэтных людзей. У тым ліку і ў Керымава. І я думаю, што версія наконт разыгранай партыі не зусім дакладна адлюстроўвае сутнасць праблемы.