Расійскі журналіст абвінаваціў Жырыноўскага ў сэксуальных дамагальніцтвах
Журналіст расійскага тэлеканала "Настоящее время" Рэнат Даўлетгільдзееў абвінаваціў вядомага палітыка, кіраўніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага ў сэксуальных дамагальніцтвах. Ён заклікаў мужчын расказваць пра падобныя выпадкі з боку дэпутатаў і чыноўнікаў, пішуць расійскія СМІ.
Даўлетгільдзееў паведаміў у сацсетках, што Жырыноўскі хапаў яго за зад падчас фіналу конкурсу "Міс Расія" ў 2006 годзе. Тады журналіст браў у яго інтэрв'ю.
"Я ніколі не хаваў гісторыю пра тое, як пасля фіналу конкурсу "Міс Расія", які праводзіў Рустам Тарыко ў Гасціным двары, мяне за рукі спрабавалі вывесці з будынка памочнікі Жырыноўскага і адвезці з ім у карпаратыўную сауну ЛДПР, а сам ён, пакуль даваў невялікае інтэрв'ю, лапаў за зад (у арыгінале быў ужыты больш грубы выраз. — Еўрарадыё) так, што рукі трэсліся з дыктафонам", — напісаў Даўлетгільдзееў у Фэйсбуку.
Дарэчы, цяпер акаўнт журналіста ў гэтай сацсетцы выдалены.
Заява Даўлетгільдзеева прагучала ў адказ на скандал з яшчэ адным дэпутатам расійскай Дзярждумы уд ЛДПР — Леанідам Слуцкім. Некалькі журналістак абвінавацілі яго ў сэксуальных дамагальніцтвах. Аднак камісія Дзярждумы не знайшла ў дзеяннях Слуцкага ніякіх парушэнняў. Журналісткам, якія заявілі пра дамагальніцтвы, у Думе параілі звярнуцца ў праваахоўныя органы. Пасля гэтага некалькі расійскіх СМІ адмовіліся працаваць у Думе.