Расійскія кнігі могуць сур'ёзна падаражэць
Кнігі могуць падаражэць праз санкцыі і праблемы з пастаўкамі паперы і фарбаў / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Кнігі расійскіх выдавецтваў могуць сур'ёзна падаражэць. Праз дэфіцыт паперы і паліграфічных фарбаў. У Міністэрстве лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расіі кажуць, што праз санкцыі дэфіцыт крэйдаванай паперы складзе 40%. Таму выдавецтвам ужо цяпер прапануюць закупляць кітайскую прадукцыю.
На крэйдаваную паперу прыпадае каля траціны кніг, якія выпускаюцца ў Расіі. Большая частка такой паперы імпартуецца з-за мяжы, прычым каля 70% імпарту ідзе з Еўропы.
Павелічэнне імпарту кітайскай паперы прывядзе да падаражання кніг "у два з лішнім разы", папярэджваюць у выдавецтве "Росмэн".
Але выдавецтвы могуць сутыкнуцца і з яшчэ адной праблемай — дэфіцытам паліграфічнай фарбы. Яна таксама імпартавалася з ЕС. А кітайскія аналагі — адчувальна даражэйшыя, кажуць паліграфісты і выдаўцы. Больш за тое, паспяховага досведу па дастаўцы фарбаў з Азіі ў расійскіх пастаўшчыкоў няма, піша "Коммерсант". Але нават калі пастаўкі атрымаецца наладзіць, праз высокі кошт фарбаў і складанай лагістыкі кнігі і часопісы падаражэюць яшчэ больш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.