Расійскія журналісты брахалі, украінскія — мяўкалі

Карэспандэнт Еўрарадыё безвылазна правёў у Палацы Незалежнасці 22 гадзіны і набраўся уражанняў, якія немагчыма перадаць словамі.

“Формат мероприятия нарушен”

Непрыемнасці на саміце “нармандскай чацвёркі” пачаліся адразу пасля прыезду Уладзіміра Пуціна. Спазніўся ён на дзіва ўсяго на 20 хвілін. Але пасля таго, як Лукашэнка завёў Пуціна у пакой да Парашэнкі, Аланда і Меркель, запланаваны ход падзей нечакана быў парушаны. "Фармат мерапрыемства парушаны, далейшы ход падзей невядомы ", — чалавек са службы бяспекі быў лаканічным.

У выніку абяцанага адразу пасля прыезда Пуціна сумеснага фатаграфавання журналісты чакалі амаль дзве гадзіны. Агульнага выхаду да прэсы з абвяшчэннем вынікаў не адбылося. Хоць журналістам абяцалі: "Магчыма, будзе сумесная заява. Але можа і не быць".

Што стала прычынай такога вэрхалу, недахоп часу альбо нервовасць саміх перамоваў, даведацца цяпер цяжка. Але адсутнасць фінальнага выхаду да журналістаў, калі нават у адмысловай зале ўжо віселі сцягі краін-удзельніц і былі расстаўленыя крэслы, выглядае дзіўнаватай.

Лукашэнка і Меркель

Кіраўнік Беларусі аказаўся надзвычай галантным кавалерам. Магчыма, сваю ролю сыграла павага да значнасці фігуры — Ангела Меркель некалькі гадоў запар займае першыя радкі рэйтынгу самых уплывовых палітыкаў свету. Аднак факт, што сустракаючы Меркель і Аланда, кіраўнік Беларусі значна больш увагі надаў федэральнаму канцлеру, нават публічна некалькі дзесяткаў секунд размаўляў з Меркель. Да журналістаў Лукашэнка выходзіў таксама побач з кіраўніком Германіі, падарыў ёй букет (другі за дзень, першы — у аэрапорце), сцяг Германіі сярод усіх іншых сцягоў вісеў роўна па цэнтры.

Расіяне супраць украінцаў

Гэтага, вядома, не магло не адбыцца. І пачалося адразу. “Господин Порошенко, почему вы бомбите мирные города Донбасса?”, — двойчы пракрычаў карэспандэнт тэлеканала “Россия” кіраўніку Украіны, калі той падыходзіў павітацца з Лукашэнкам. Парашэнка не адрэагаваў, але ўжо праз пяць хвілін палымяны журналіст быў “выдалены з хола за непрыстойныя паводзіны”. Яшчэ праз дзесяць хвілін карэспандэнт канала “Лайфньюс” у дробнай спрэчцы з вядучай украінскага “1+1” нечакана пачаў брахаць проста на камеру. Прычым, не у пераносным сэнсе, як звычайна. А па-сабачы. За што таксама атрымаў папярэджанне ад службы аховы.

Ужо ў вечары дзякуючы Твітару і Ютубу сабакамі пачалі агулам называць і канал “Лайфньюс”, і некаторыя іншыя расійскія медыярэсурсы. А украінскія журналісткі у супрацьвагу дражнілі расіян мяўкаючы.

Інтэрнэт па пашпартах

Гэта стала вясёлым сюрпрызам нават для мяне — атрымаць пароль на вай-фай (для кожнага асабісты!) можна было толькі маючы пасведчанне асобы з фотаздымкам. Лепш за ўсё пашпарт. Для гэтага усе суткі саміта ў прэс-цэнтры сядзеў адмыслова навучаны “Белтэлекамам” чалавек. Ён прасіў паказаць пашпарт, запісваў дадзеныя у адмысловы журнал, а потым выдаваў паперку з дзвюма чатырохзначнымі лічбамі. Адна —лагін, другая — пароль. Трэба было бачыць вочы французскіх журналістаў.

У дадатак — навошта ўсё гэта, калі па-першае — у будынак і так можна трапіць толькі паказаўшы дакументы. А па-другое, апальныя “Хартыя” і “Белпартызан” адкрываліся там нашмат хутчэй, чым у рэдакцыі “Еўрарадыё”.

“Выкарыстоўвалі вопыт арганізацыі ранейшых мерапрыемстваў”

Прыкладна так патлумачыў у кулуарах журналістам працэс падрыхтоўкі да саміта міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Дадаў, што сам пра усё даведаўся за некалькі дзён, што заходнія партнёры маюць крыху адрозныя ад звычайных постсавецкіх патрабаванні. Таму, маўляў, далей усё будзе добра. Хаця было б лепш, калі б такіх перамоваў у Беларусі больш не праходзіла.

Фота БелТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі