Распачалі дзве справы за схіленне непаўналетніх да самагубства праз сацсеткі

Распачалі дзве справы за схіленне непаўналетніх да самагубства праз сацсеткі

У Беларусі распачалі дзве крымінальныя справы па факце схілення непаўналетніх да самагубства праз сацыяльныя сеткі (ч. 2 арт. 146 КК). Адзін выпадак быў зафіксаваны ў Віцебску, іншы — у Мінскім раёне. На шчасце, абедзьве дзяўчынкі засталіся жывыя. Адзначаецца, што абедзьве выхоўваюцца ў сем'ях, якія характарызуюцца станоўча.

Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, у Віцебску крымінальную справу распачалі ў лютым 2017-га. Высветлілася, што са снежня мінулага года невядомая асоба ў адной з групаў у сацсетках "наўмысна ўзбуджала рашучасць здзейсніць самагубства ў вучаніцы 11-га класа адной са школаў Віцебска, 1999 года нараджэння". У выніку, яна спрабавала здзейсніць суіцыд — парэзала вены. Яе шпіталізавалі. Больш падрабязна пра гэтую гісторыю гл. тут.

Чарговая крымінальная справа была распачатая 1 сакавіка, на гэты раз на Міншчыне. Дзяўчынка 2001 года нараджэння ўваходзіла ў адну з групаў у сацсетках і атрымала паведамленні ад невядомай асобы, якая называла сябе "куратарам". Падаваліся яны ў форме гульні. Атрымаўшы чарговае ўказанне, у ноч на 28 лютага дзяўчынка паехала ў Мінск і планавала скокнуць з тэхнічнага паверху аднаго з будынкаў. Аднак спалохалася вышыні і адмовілася ад такіх планаў. Пры гэтым нанесла сабе шматлікія парэзы, пасля чаго вярнулася дахаты. Маці пацярпелай выклікала "хуткую".

Следчы камітэт высвятляе месцазнаходжанне "адміністратараў" і "куратараў" падобных "гульняў". Падрыхтаваныя лісты да адміністрацыі сацсетак і запыты аб прававой дапамозе ў Расію. Дакументы перададуць і ў Рэспубліканскую экспертную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, з мэтай наступнай блакіроўкі доступу да рэсурсаў, якія згадваюцца ў матэрыялах крымінальнай справы.

Гэта першыя выпадкі ў Беларусі, калі "групы смерці" трапляюць пад крымінальны пераслед.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі