“Разбірацца не будуць!” Магіляўчан пужаюць адстрэлам жывёл перад прыездам Пуціна
На вуліцах Магілёва і ў паштовых скрынях мясцовых жыхароў пачалі з’яўляцца аб’явы аб тым, што “у сувязі з прыездам прэзідэнтаў будзе праводзіцца адстрэл безнаглядных жывёл супрацоўнікамі САПа”. Таксама сцвярджаецца, что адстрэл закране і хатніх жывёл, што знаходзяцца на вуліцы без гаспадара. Аўтары аб’явы падпісваюцца імем арганізацыі абаронцаў жывёл.
Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці сапраўды гэта так. Звязваемся з магілёўскім таварыствам аховы жывёл. Там кажуць, што дачынення да гэтых аб’яў яны не маюць, а падпісаліся імем арганізацыі невядомыя людзі.
“Мне ўжо даслалі здымкі з гэтымі аб’явамі. Гэта не наша інфармацыя, — распавяла Святлана Ермаленкава, кіраўніца магілёўскай арганізацыі аховы жывёл “Добрае сэрца”. — Гэта пісалі не нашы валанцёры, мы не ведаем, хто намі падпісаўся. У
нашай суполцы вісіць аб’ява, але там напісана зусім інакш. І нейкай інфармацыі
пра адлоў ды адстрэл напярэдадні прыезду прэзідэнтаў у мяне няма”.
У суполцы арганізацыі ў “ВКонтакте” сапраўды ёсць аб’ява, у якой напісана пра небяспеку для жывёл у перыяд з 8 па 13 кастрычніка, тэкст адрозніваецца ад таго, які
распаўсюджваюць ананімныя актывісты, аднак не на шмат.
“У нас нават зброі няма”
У Магілёве бяздомных жывёл ловіць дзяржаўнае “СпецАўтаПрадпрыемства”, так званы САП. На прадпрыемстве інфармацыю з аб’явы назвалі непраўдзівай.
“Мы працуем так, як і працавалі раней. У нас усяго два экіпажы, якія займаюцца адловам безнаглядных жывёл на вуліцах, — кажа дырэктар прадпрыемства Генадзь Іванчанка. — Мы не набіралі дадатковых людзей, не павялічвалі колькасць экіпажаў. Ніякіх дадатковых мер не прымалі”.
Інфармацыя пра адстрэл, у сваю чаргу, таксама засталася без пацвярджэння, бо, па словах чыноўніка, арганізацыя нават не мае адпаведнай зброі. Па словах Іванчанкі,
спецыялісты могуць прымяняць толькі сродкі для абезрухоўлення, і не больш за
тое.
Перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнка і Уладзіміра Пуціна у Магілёве адбудуцца 12 кастрычніка.