Разборкі Маска і Мадура і пагроза малпавай воспы ў Афрыцы — #ІхНоравы
Свабода слова можа ўспрымацца своеасабліва
Прэзідэнта Венесуэлы дадзеў Ілан Маск і яго сэрвіс Х. Брытанскія спажыўцы пачнуць выкарыстоўваць менш пластыку. Японцы чакаюць маштабнага землятрусу, а афрыканцы — пандэміі малпавай воспы.
Расказваем, што адбываецца ў свеце, пакуль нехта (можа, УСУ?) праводзіць ваенную аперацыю ў Курскай вобласці Расіі.
Японіі пагражае "мегаземлятрус"
Прэм'ер-міністр Японіі Фуміа Кісіда адмяніў запланаваную паездку ў Цэнтральную Азію пасля магутнага землятрусу, што адбыўся ў чацвер, 8 жніўня, ля паўднёвых берагоў Краіны світальнага сонца. Гэтае рашэнне было прынятае на фоне папярэджанняў пра магчымасць яшчэ магутнейшага "мегаземлятрусу" ў найбліжэйшай будучыні, піша Euronews.
Штуршкі магнітудай 7,1 зафіксавалі ў водах ля ўсходняга ўзбярэжжа вострава Кюсю на глыбіні каля 30 кіламетраў. У выніку дзевяць чалавек атрымалі траўмы, аднак паведамленняў пра сур'ёзныя пашкоджанні не было, а папярэджанні пра цунамі неўзабаве адмянілі.
Аднак гэтая падзея прымусіла сейсмолагаў правесці экстранную нараду, на якой быў перагледжаны ўзровень рызыкі буйных землятрусаў у раёне Нанкайскага жолаба на ўсход ад поўдня Японіі.
Спецыялісты папярэдзілі, што імавернасць моцных землятрусаў у гэтым раёне вышэйшая, чым меркавалася раней. Жыхарам прыбярэжных раёнаў рэкамендавалі перагледзець свае планы на выпадак надзвычайнай сітуацыі.
Кісіда заявіў, што ўрад узмоцніць меры па падрыхтоўцы да магчымых стыхійных бедстваў, і заклікаў грамадзян уважліва сачыць за інфармацыяй ад уладаў і не распаўсюджваць дэзінфармацыю.
Японія, якая знаходзіцца на ціхаакіянскім "Вогненным кальцы", застаецца адной з самых сейсманебяспечных краін свету.
Нікалас Мадура заблакаваў сацсетку X пасля спрэчкі з Іланам Маскам
Не можаш пераспрачаць — заблакуй. Менавіта такім няхітрым прыёмам скарыстаўся прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура ў спрэчцы з амерыканскім бізнесоўцам Іланам Маскам, паведамляе The Guardian. Палітык абвясціў пра 10-дзённае блакаванне сацыяльнай сеткі X на тэрыторыі краіны, абвінаваціўшы яе ўладальніка ў выкарыстанні платформы для "распальвання нянавісці".
Паводле інфармацыі Associated Press, ужо ў чацвер вечарам доступ да публікацый на X быў абмежаваны ў карыстальнікаў двух прыватных аператараў і дзяржаўнай кампаніі Movilnet. У сваёй прамове пасля мітынгу прыхільнікаў урада Мадура заявіў, што Маск парушыў усе правілы ўласнай платформы і выкарыстаў яе для стварэння палітычнай нестабільнасці ў краіне.
Канфлікт паміж Мадура і Маскам абвастрыўся пасля таго, як Маск абвінаваціў прэзідэнта Венесуэлы ў "электаральным махлярстве" на выбарах 28 ліпеня. У той час як выбарчыя органы абвясцілі Мадура пераможцам, апазіцыя сцвярджае, што іх кандыдат Эдмунда Гансалес насамрэч атрымаў большасць галасоў, што справакавала хвалю масавых пратэстаў у краіне.
Малпавая воспа ў Афрыцы можа ператварыцца ў пандэмію
Афрыканскі кантынент стаіць на парозе абвяшчэння надзвычайнай сітуацыі ў галіне грамадскай аховы здароўя праз імклівы распаўсюд воспы малпаў (mpox). Генеральны дырэктар Афрыканскага цэнтра кантролю і прафілактыкі захворванняў (Africa CDC) доктар Жан Касея заявіў, што рост колькасці выпадкаў захворвання і яго распаўсюду праз межы вымушаюць агенцтва пачаць актыўнае ўзаемадзеянне з дзяржавамі — чальцамі Афрыканскага саюза, каб не дапусціць ператварэння ўспышкі ў новую пандэмію.
На мінулым тыдні ў Афрыцы зарэгістравалі 887 новых пацверджаных і меркаваных выпадкаў воспы малпаў, што павялічыла агульную колькасць захварэлых за год да 15 тысяч чалавек.
Гэта на 160% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Успышка закранула 16 краін, уключаючы Дэмакратычную Рэспубліку Конга (ДРК), на якую прыпадае больш за 90% усіх выпадкаў. У 2024 годзе ад віруса загінуў 461 чалавек.
Асаблівую трывогу выклікае тое, што такія краіны, як Бурундзі, Кенія, Руанда і Уганда, упершыню паведамілі пра выпадкі захворвання.
Воспа малпаў — віруснае захворванне, якое выклікае балючы сып і сімптомы, падобныя на грып, такія як ліхаманка і галаўны боль.
Нягледзячы на тое, што краіны Захаду кантралююць распаўсюд хваробы з дапамогай вакцын, у Афрыцы назіраецца іх сур'ёзны дэфіцыт: на кантыненце даступныя толькі 200 тысяч дозаў пры патрэбе 10 мільёнаў.
Брытанцы змогуць карыстацца шматразовымі ўпакоўкамі ў краме
Анлайн-супермаркет Ocado абвясціў пра запуск тэставай праграмы продажу тавараў, такіх як рыс, макароны і мыйныя сродкі, у шматразовай упакоўцы. Гэты крок скіраваны на як найхутчэйшае скарачэнне выкарыстання аднаразовага пластыку.
Пустую тару кіроўцы будуць забіраць падчас наступнай дастаўкі. Пасля дбайнай праверкі і ачысткі кантэйнеры зноў напоўняць і адправяць пакупнікам.
Тэставанне праграмы пройдзе ў два этапы. На першым, які пачнецца ўжо ў гэтым месяцы, будуць прапанаваныя рыс і макарона ва ўпакоўках 1 і 2 кілаграмы.
На другім этапе, запланаваным на найбліжэйшыя месяцы, у асартымент дададуць 3-літровыя кантэйнеры з кандыцыянерам для бялізны і вадкім мыйным сродкам.
Для кліентаў праграма будзе бясплатнай: цана прадуктаў не павялічыцца, а дастаўка і збор пустых кантэйнераў будуць даступныя ў звычайным рэжыме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.