Рэкламіст: Не ведаючы нашай мовы, турыст згубіцца ў Мінску
Юлія Ляшкевіч у эфіры Еўрарадыё пра тое, як прыдумаць брэнд сталіцы, з чаго трэба пачынаць і што можа стаць сімвалам Мінска.
Еўрарадыё: Што, на ваш погляд, можа быць брэндам Мінска?
Ляшкевіч: Калі мы гаворым пра выбар сімвала, напрыклад, для горада, краіны, мы павінны абвесціць пра гэта як мага шырэйшаму колу людзей. А так амаль ніхто пра гэта зараз не ведае, і гэта трошкі дзіўна. Гэта ж не новы гатунак газаванай вады. Мусіць быць грамадскае абмеркаванне гэтага брэнда. Бо, з аднаго боку, брэнд горада мусіць працаваць на турыстаў. Але, калі мы гаворым пра брэнд Барселоны, Мадрыда, альбо якога іншага горада, які павінен рэкламаваць гэты самы горад, наўрад ці магчыма, каб гэты брэнд існаваў сам па сабе, каб яго не любілі тыя, хто ў гэтым горадзе жыве. Людзі мусяць добра ўсведамляць: так, мы — гараджане — свядома абралі свой сімвал, ён важны для нас, мы любім яго і свой горад ! Напрыклад, сімволіка Нью-Йорка — сэрца. Гэты сімвал любяць, ён падабаецца ўсім, яго ахвотна носяць. І самі жыхары Нью-Йрка яго прапагандуюць — гэта вельмі важны момант.
Еўрарадыё: Арганізатары паведамілі, што "брэнд будзе будавацца вакол якой-небудзь славутасці Мінска", то бок вакол нейкага добра вядомага мінчукам аб'екту. Інфармацыйна-турыстычны цэнтр "Мінск", які займаецца гэтай справай, паведаміў, што да распрацоўкі брэнда можа быць прыцягнутая нават адна з брытанскіх кампаніяў за 300 тысячаў долараў.
Ляшкевіч: За добрыя грошы за распрацоўку брэнда могуць узяцца многія кампаніі, і не толькі брытанскія. Дарэчы, што такое брэнд? Гэта вялікая сукупнасць. Мне, шчыра кажучы, не падабаецца як гэта гучыць — брэнд горада. Брэнд — гэта не толькі нейкая значка, на якой вы бачыце нейкі вядомы ці невядомы аб'ект. Гэта інфраструктура. Гэта значыць, што калі нехта прыедзе сюды з добрымі грашыма, то знойдзе тут вялікі пяцізоркавы гатэль; той, хто прыедзе са сціплымі грашыма, знойдзе сабе ўтульны хостэл. А пакуль што калі чалавек, які не ведае нашай мовы, прыязджае ў Мінск, ён губляецца, бо няма ўказальнікаў на ангельскай мове. Ён выходзіць з цягніка і бачыць толькі, на якой ён платформе. І зусім не разумее, дзе і што яму шукаць... Калі у нас будуць зручныя абменнікі, калі ў нас як, напрыклад, у Стамбуле, будзе працаваць турыстычная паліцыя, якая ведае нават, дзе ёсць які музей і ў якія гадзіны ён працуе, тады і можна будзе сур'ёзна гаварыць пра брэнд горада. А зрабіць значкі і павесіць білборды, нешта там абвясціць і назваць брэндам горада... Гэта не брэнд. Гэта марнаванне грошай.
Еўрарадыё: А наколькі гэта фінансава затратная справа?
Ляшкевіч: Няма вызначанных крытэраў. Гэта можа быць колькі
заўгодна. Кажуць, што значок фірмы "Найк" прыдумала студэнтка-дызайнер усяго
за 30 долараў. Гэта можа каштаваць і мільёны, калі вы даручыце гэта Аліўера Таскані,
альбо Філіпу Старку, ці, не дай бог, Джэфу Кунсу, аднаму з самых дарагіх мастакоў у свеце.
Залежыць ад таго, каго вы папросіце выканаць гэтую працу. Але я думаю, што ў выпадку Мінска вялікія грошы варта было б выдаткаваць на іншыя рэчы. На паляпшэнне інфраструктуры горада. На тое, каб замовіць нармальнаму агенцтву нармальную лагістыку таблічак у гэтым горадзе, каб замежнік добра разумеў, дзе яму шукаць тое, што яму трэба. Замест таго, каб зносіць Асмолаўку, і на яе месцы пабудаваць нейкія жахлівыя гмахі, можна было б зрабіць так, як шмат якія гарады робяць: запрасіць сапраўды топавага архітэктара, каб ён стварыў такі будынак, паглядзець на які людзі прыязджалі б з-за мяжы.
Еўрарадыё: Пагаджуся з вамі, што тэатр пачынаецца з шафы, а горад — з таблічак на вакзале...
Ляшкевіч: Натуральна! Пра які брэнд горада можна казаць, калі ў нас, напрыклад, на аўтавакзале вырашылі забыцца пра родную мову? Там жа няма таблічак па-беларуску! Ці можна разважаць пра самабытнасць Мінска, пакуль яго жыхары руйнуюць гістарычныя будынкі?
Еўрарадыё: Як вы думаеце, што б магло стаць візітоўкай беларускай сталіцы?
Ляшкевіч: Я адразу не магу вам адказаць на гэтае пытанне. Мы доўга ішлі да таго, што цяпер у нас горад, які не мае ўласнага твару. Сказаць, што ў нас нейкая цікавая, адметная бібліятэка, альбо нейкі музей — не скажаш. І праўда гарадоў у тым, што рэальныя сімвалы нараджаюцца самі па сабе, а не ў выніку нейкіх штучных пошукаў. Напрыклад, сімвалам Парыжа, з'яўляецца Эйфелева вежа, якую паставілі на час выставы. І па дамоўленасці з мэрыяй яна павінна была прастаяць толькі чатыры гады. Але прыжылася, спадабалася самім парыжанам і так засталася. Ужо як сімвал.
Еўрарадыё: А можа, нашая Нацыянальная бібліятэка стане, як Эйфелева вежа для Парыжа, такім жа сімвалам для Мінска?
Ляшкевіч: Усё можа
быць. Але насамрэч, прыкладаў не
вельмі ўдалых рашэнняў значна больш, чым прыкладаў Эйфелевай
вежы. Напрыклад, помнік Пятру I у Маскве. Пётр так пагрозліва стаіць, што, калі вы яго бачыце ўпершыню, вы абразу пачынаеце ставіцца да яго насцярожана. Прайшлі гады, а ён так і не зрабіўся сімвалам
Масквы. Можа, уся справа ў тым, што Эйфелева вежа сапраўды прыгожая? Нельга спадзявацца, што проста нейкая славутасць у горадзе стаіць, а пасля зробіцца сімвалам. Ёсць наватворы, да якіх людзі не могуць прызвычаіцца. Яны глядзяцца сучасна, не састараваюць. Але... А ў нас зараз такое захапленне — усё пад шкло! Паглядзіце на ўсе новабудовы — усё з вялікімі вокнамі...
Еўрарадыё: Гэта значыць, што брэнд — гэта як добрае віно? Яно мусіць прайсці праверку часам, настаяцца...
Ляшкевіч: Трапнае параўнанне. Сімвалы горада часам дзіўным чынам вызначаюцца самі. Вылучаюцца з шэрагаў іншых будынкаў, помнікаў, часам незаўважна нават для іх стваральнікаў і праціўнікаў. Пры гэтым хачу сказаць, што горад — гэта, усё ж, сукупнасць усяго, у тым ліку і адносінаў да тых, хто жыве ў гэтым горадзе, да іх меркавання. Замовіць яго брытанскай фірме немагчыма, бо ствараецца ён усімі, хто жыве ў горадзе.