Рэпартаж з прэс-канферэнцыі Пазняка, на якой нікога не назвалі агентам

Зянон Пазняк і Павел Усаў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве / Euroradio
Зянон Пазняк і Павел Усаў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве / Euroradio

Калі б вы ішлі на прэс-канферэнцыю з Зянонам Пазняком у Варшаве, каб выпіваць кожны раз, як нехта кажа слова "агентура", вы б сышлі цвярозымі. Зянон Станіслававіч быў тактоўны і пазбягаў размоў пра Офіс Святланы Ціханоўскай. Толькі калі карэспандэнт Еўрарадыё трэці раз папрасіла пракаментаваць адносіны Офіса з Кіевам, Пазняк не стрымаўся:

— Ім засталося няшмат, і ніхто на іх увагі ва Украіне не звяртае. У іх няма ні палітычнага капіталу, ні этыкі камунікацыі. Але я не хачу пра гэта гаварыць, — сказаў Пазняк і больш да крытыкі Офіса не вяртаўся, нават калі вельмі прасілі.

 

“Можа, яны не ўсведамляюць?”

На афішы мерапрыемства значылася: "Прэс-канферэнцыя Зянона Пазняка, Паўла Усава, Дзмітрыя Шчыгельскага і Вадзіма Кабанчука". Але ўсе, вядома, прыйшлі на Пазняка.

Репортаж с пресс-конференции Позняка, на которой никого не назвали агентом
Прэс-канферэнцыя праходзіла ў Беларускім доме ў Варшаве / Euroradio

— Ён належыць да пакалення людзей, якія ведаюць усю праўду, — дзеліцца з Еўрарадыё госця прэс-канферэнцыі. — Гэта адзіны чалавек, якога баіцца Лукашэнка. І гэты страх аднаго чалавека перадаўся нават наступным пакаленням, нашым дзецям. "У, Пазняк — гэта нешта такое страшнае, такое далёкае!" А гэта не так!

— А вы ведалі, што Зянон Станіслававіч грае на гітары? Ён выдатна спявае рамансы!

У рассадцы спікераў за сталом адгадвалася адсылка да той самай фатаграфіі. Шчыгельскі і Усаў зноў, як у Бахмуце, селі па абедзве рукі ад Пазняка. Толькі апошнія два гэтым разам — без бронекамізэлек.

Репортаж с пресс-конференции Позняка, на которой никого не назвали агентом
Зянон Пазняк / фота прэс-службы палка Каліноўскага

Да Шчыгельскага яшчэ да старту прэс-канферэнцыі некалькі разоў падыходзілі з клапатлівым пытаннем:  “Дзмітрый, а вы чаму на фота былі без броніка?”

— Ды ён там нафіг не патрэбны, — адказваў Шчыгельскі і, як чалавек, які не ўпершыню даязджае да Украіны, дзелавіта і з веданнем матчасткі дадаваў: — І гэта не бронік, гэта плітаноска!

Зянон Пазняк у Бахмуце быў у бронекамізэльцы, але запэўніў карэспандэнта Еўрарадыё, што гэта не таму, што там было "страшна".

— Мне нідзе не страшна. Я пачуццё страху страціў. Але надзець шлем і бронік мяне прымусілі. Хлопцы, каліноўцы, адказваюць за маё жыццё, тут бравіраваць не трэба. Ну а Шчыгельскі? Ён арыгінал, частка палка Каліноўскага. Так што ніхто на яго сілай бронік надзяваць не стаў.

З Бахмута Пазняк прывёз кашаль — "гэта ж фронт, цёмна, падзямеллі, тэмпература мінусавая". І абвестку, што ў беларусаў з'явіцца яшчэ адна дэмакратычная структура. Гэта будзе "Рада бяспекі", якую створаць на аснове "Вольнай Беларусі", палка Кастуся Каліноўскага, "Супраціву" і "Кіберпартызан".
 

“Тая апазіцыя”

На прэс-канферэнцыі ўсе прысутныя былі вельмі акуратныя ў фармулёўках. Журналісты хацелі спытаць Пазняка: "А вы будзеце супрацоўнічаць з Офісам Ціханоўскай?" Але дыпламатычна пыталі: "А ці плануеце вы працаваць разам з іншымі прадстаўнікамі апазіцыі?”

Репортаж с пресс-конференции Позняка, на которой никого не назвали агентом
Зянон Пазняк / Euroradio

Пазняк, здаецца, уключыўся ў гэтую дыпламатычную гульню і ні разу не назваў нікога з апанентаў агентурай. Ад супрацоўніцтва з Офісам, зрэшты, акуратна адмовіўся.

— Тая апазіцыя, якая змагаецца разам з Расіяй, — гэта пагібель. І той, хто змагаецца за свабодную Беларусь, не можа быць плячом да пляча з тымі, хто вядзе Беларусь на пагібель.

Ён, зрэшты, дапусціў, што "тая апазіцыя" проста не ўсведамляе, што яна "разам з Расіяй". Больш за тое, Пазняк нават не тое каб катэгарычна супраць падтрымліваць кантакты, і спробы наладзіць іх былі. Гэтым займаўся Павел Усаў.

— Гэта яго ідэя — стварыць ценевы кабінет. І мы былі гатовыя пайсці працаваць у гэты кабінет. Калі б гэта было зроблена, гэта была б вялікая справа. Але вы бачыце, што атрымалася. Поўная прафанацыя.

Але калі яны пойдуць на супрацоўніцтва, мы гатовыя. Дзеля нацыі — мы гатовыя. Можа, спадар Усаў нешта дадасць?

— Не-не, — дадаў Усаў.
 

“А можа, вы сам прарасійскі?”

Заканчвалася першая гадзіна прэс-канферэнцыі, а Зянон Станіслававіч так нікога і не назваў агентам. Журналісты выглядалі збянтэжанымі. Першым не вытрымаў "Белсат". Ён пацікавіўся, па якіх крытэрах будуць адбірацца тыя, хто варты ўвайсці ў "Раду бяспекі", і як адсеяць прарасійскую агентуру. А потым пайшоў далей і выказаў здагадку, што "прарасійскім" можа быць і сам Пазняк.

Репортаж с пресс-конференции Позняка, на которой никого не назвали агентом
Зянон Пазняк да пачатку прэс-канферэнцыі / Euroradio

— Бо гэта ж Зянон Станіслававіч заклікаў замарозіць санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі! аргументаваў журналіст.

— Па тонкім лёдзе пайшоў, зашапталіся ў зале.

Пазняк спачувальна ўсміхнуўся, але ўсё роўна не назваў журналіста агентурай. Усаў пераклаў усмешку Пазняка:

— Зянон Станіслававіч ніколі не заклікаў замарозіць санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі. Ён казаў, што санкцыі ў дачыненні да беларускіх нацыянальных прадпрыемстваў кінуць Беларусь у абдымкі Расіі. Што і здарылася.

Тое, што Усаў відавочна хацеў, але не адважыўся артыкуляваць услых, эмацыйна прагаварылі прыхільнікі Пазняка ў кулуарах. А менавіта:

— Пазняк — прарок, — пераканана сказала суразмоўніца Еўрарадыё, якая прадставілася Таццянай. — Пакуль жывы Пазняк, з Беларуссю не здарыцца нічога страшнага, гэта я магу гарантаваць.

Разумееце, усё, што прапаноўвала наша новая апазіцыя, было эфемерным. Прыемным на слых. Але спраў, якіх мы чакалі, я так і не ўбачыла. І так, я адчуваю сябе крыху падманутай. Гэта непрыемнае пачуццё для чалавека, які аддаваў барацьбе ўвесь свой патэнцыял.
 

“Прыязджайце ў Кіеў”

Як толькі ў сеціве з'явілася фатаграфія Пазняка ў Бахмуце, карэспандэнты Еўрарадыё паспрабавалі звязацца з байцамі палка Каліноўскага. Нам патрэбны быў адказ на кароткае пытанне: “Ну, як вам Пазняк?" Але высветлілася, што кіеўскі штаб забараніў байцам палка размаўляць з журналістамі.

Паколькі самому Пазняку кіеўскі штаб нічога не можа забараніць, мы спыталі ў яго: "Ну, як вам Бахмут?" і "Як вам камунікацыя з прэсай?”

— Полк — вайсковая структура. Ідзе вайна. І гэта правільная забарона. Не патрэбная лішняя інфармацыя, таму што памылка можа каштаваць жыцця, я тут цалкам падтрымліваю палітыку палка.

Паўлу Усаву, як выявілася, таксама не падабаецца камунікацыя прэсы з палком Каліноўскага. І асабліва не падабаецца крытыка ў адрас кіраўніцтва каліноўцаў, штаба палка.

Репортаж с пресс-конференции Позняка, на которой никого не назвали агентом
Вадзім Кабанчук, намеснік штаба палка Каліноўскага / Euroradio

— Часам успрымаецца са здзіўленнем крытыка ў адрас палка Каліноўскага, скандалы вакол яго. Асабліва калі ты бачыш, дзе і ў якіх умовах ваююць нашы байцы. Беларусы, якіх і сёння, і кожны дзень абстрэльвае вораг. Трэба разумець, што людзі ахвяруюць сваім жыццём, сваім здароўем, — сказаў Усаў.

І запрасіў галоўных рэдактараў беларускіх незалежных медыя ў Кіеў, каб "паглядзець у вочы" байцам палка Каліноўскага. Ці, можа, яго кіеўскаму штабу. Відавочна, прадстаўнікоў апошняга ў Кіеве можна знайсці часцей, чым саміх байцоў, занятых у гарачэйшых месцах.
 

Усе пайшлі, Зянон застаўся

Усаў, які ўзяў на сябе абавязак мадэраваць прэс-канферэнцыю, не ўзяў на сябе абавязку прэс-сакратара і не стаў адводзіць Пазняка ад журналістаў.

Репортаж с пресс-конференции Позняка, на которой никого не назвали агентом
Зянон Пазняк пасля заканчэння прэс-канферэнцыі / Euroradio

 Усе раз'ехаліся, а Зянон усё яшчэ сядзеў пад "Пагоняй" і цярпліва адказваў на ўсе пытанні ўсіх, з кім паабяцаў пагаварыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі