Рэпетытар пра змену міністра адукацыі: "І што, цяпер усё нанова?"
15 снежня стала вядома, што новым міністрам адукацыі Беларусі стаў старшыня Кампартыі Ігар Карпенка. Вядомы рэпетытар і бацька траіх дзяцей-школьнікаў Аляксей Васілеўскі ў размове з Еўрарадыё нагадаў, што ўжо мінулы міністр Міхаіл Жураўкоў за час сваёй працы даў шмат абяцанняў — аб зменах у сістэме ЦТ, павелічэнні тэрміну дзеяння сертыфікатаў, аб'яднання экзаменаў. Аднак усе заявы засталіся толькі заявамі.
"Жураўкоў быў два альбо тры гады і амаль нічога не зрабіў. Абяцаў шмат, усе чакалі, чакалі, чакалі, а дачакаліся, што ўсё памянялася. І цяпер што, усё нанова, абнуленне? Новы міністр скажа, што гэта ўсё былі абяцанні старога міністра, а ён да іх не мае дачынення? Як на мяне, як бы гэта груба ні гучала, Мінадукацыі — абсалютна непатрэбная структура", — мяркуе рэпетытар.
На думку Васілеўскага, калі б Мінадукацыі раптам не стала, гэта зусім не прывяло б да катастрофы. Як школы, так і ўніверсітэты маглі б працаваць у ранейшым рэжыме.