Музыкі "Tanin Jazz" і ex-Drum Ecstasy прыдумалі сумесны праект
Музыка настрою ад Тані і Сцяпана будзе прэзентавана ў Барселоне, Вільні і Мінску.
Як распавяла Еўрарадыё Таня Гарошка (Tanin Jazz), за праектам сачыла вельмі шмат сяброў і знаёмых. Але да апошняга моманту музыкі не спяшаліся адкрываць карты.
"Таму для нас трошкі святочна адбыўся гэты запуск, і нарэшце ўсе могуць пачуць, што ж мы рабілі!" – смяецца Таня Гарошка.
На сайце праекта Monsoon Sexy Season ужо можна паслухаць некалькі трэкаў з будучага альбома, рэліз якога адбудзецца ў бліжэйшыя месяцы на адным з еўрапейскіх лэйблаў. Чакаецца, што на альбоме будзе каля 10 кампазіцый.
Сцяпан Бітус: "Кампазіцый можа быць больш ці менш. У нас запісана пэўная колькасць матэрыялу, які гуляе адзін з адным, знаходзіцца ў адной плоскасці, у адной канцэпцыі - музыка настрою!".
Праект Monsoon Sexy Season рыхтаваўся і выспяваў досыць доўга, а праца над ім вялася прынамсі ў чатырох краінах.
"Гэта Расія, Беларусь, Літва і Індыя, таму матэрыял атрымаецца досыць разнастайным! – распавядае Сцяпан Бітус. – Я вельмі задаволены вынікам нашага супрацоўніцтва з Таняй. А астатняе - музыка скажа сама за сябе".
У бліжэйшы час музыкі плануюць прэзентаваць праект не толькі на абшарах Інтэрнэту.
Таня Гарошка: "Мы ўжо вядзем перамовы па некалькіх канцэртах у Вільні, Берселоне і Мінску".
"Monsoon Sexy Season - для нас гэта, прама скажам, эксперымент, як у музыке, так і ў вобласці супрацоўніцтва, бо практычна ўся сумесная праца вялася дыстанцыйна. - працягвае Сцяпан Бітус. – У гэтым альбоме мы аб’ядналі гукі інструментаў і галасы, запісаныя ў некалькіх краінах. А вынік можна пабачыць ужо зараз!"