Абед для школьнікаў каштуе як самы танны абед для працаўнікоў МТЗ

120903 Savich Obedy.mp3

“Суп малочны, салата з буракоў з алеем, бабку са шпікам будзе танней, мінералку ці кампот са свежых яблык. Калі ўзяць эканомныя стравы — можны укласціся ў 10 тысяч”, — на Мінскім трактарным заводзе Еўрарадыё падбіраюць самы танны варыянт абеду.


Цікаўлюся, што прапаноўваюць на гэту суму ў сталовай сярэдняй школы № 1 г. Мінска.

На 10 350 рублёў можна паабедаць салатам “Школьныя гады” (50 грамаў), гарохавым супам (250 грамаў), катлетай са свініны і бульбяным пюрэ. Да абеду прапаноўваецца луста хлеба і кампот з яблык.


Школьны абед з кашы грэчневай, адварных сасісак, чвэрці памідора і сока пацягне на 10 400 рублёў. Не густа, затое абед поўнасцю укладваецца ў рамкі Белстата. Па дадзеных Белстата, абед з чатырох страў у мінскай сталоўцы павінен каштаваць 11,4 тысячы рублёў!


Але ў школьнай сталоўцы кажуць, што пакуль цэны не канчатковыя — гэта ж толькі першы дзень навучання.


“Калі ўключаць у меню садавіну і гародніну, дык абеды падаражаюць на 1,5 тысячы рублёў. Давядзецца трошкі эканоміць за кошт выхаду ежы”, — распавядаюць у сталовай.


Нават і гэтыя вераснёўскія “чалавечыя цэны” бацькоў палохаюць.


Алена — маці дваіх дзяцей, заўважае, што харчаванне дзяцей у школе для сям’і было вельмі накладнае нават у мінулым годзе:


“У дачкі — яна ў малодшых класах бясплатныя сняданкі, але абед каштаваў каля 10 000 рублёў, а вось сыну патрэбныя грошы і на сняданак, і на абед, бо ён ходзіць на факультатывы. Сняданак каштуе 10 000 рублёў і столькі ж абед. У выніку, на дваіх дзяцей у сярэднім на тыдзень патрэбна было каля 150-160 тысяч рублёў. Да таго ж, выдаткі на дэсерты”.


Разам з жанчынай лічым, што за месяц абеды для дваіх дзяцей пацягнуць на 640 тысяч рублёў, а за навучальны год — пад пяць з паловай мільёнаў! Маці дадае, што з-за вялікіх коштаў многія знаёмыя бацькі адмаўляюцца ад харчавання ў школе і забіраюць дзяцей раней:


“Сумы на харчаванне вельмі вялікія. Вельмі істотны момант. І таму многія адмаўляюцца ад харчавання, не пакідаюць у прадлёнцы”.


Алена заўважае, што магчымы выхад, каб трохі зменшыць выдаткі на харчаванне — гэта зрабіць ці сняданак, ці абед бясплатным, як у прыгарадзе.


У школе ў Ждановічах дзеці і праўда харчуюцца бясплатна. Тры разы на дзень. Бацькі даплачваюць толькі за прадлёнку.


“Калі дзеці ў прадлёнку не ходзяць, вы нічога не павінны плаціць, а калі ходзяць, трэба будзе даплаціць каля пяці тысяч на дзень”, — гавораць у Ждановічах.


Меню у Ждановічах нічым не горшае — гародніна, макароны, мяса, сасіскі. За тыя ж грошы.


Еўрарадыё параўнала школьныя абеды з... дэпутацкімі ў парламенцкай сталовай. За абед з салату з памідораў і гуркоў за смятанай, малочнага супу, катлеты з бульбяным пюрэ і гарбаты трэба заплаціць толькі 14 850 рублёў!


Дзеці са школьнай сталовай не скардзяцца:


“Мне падабаецца, як у сталовай кормяць. Грэчка, сасіскі…. Але каб яшчэ, можа, піцу прадавалі..!” — марыць пяцікласнік Антон.

Бацькі Антона і без піцы ў месяц выдаткоўваюць на абеды сына 200 000 рублёў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі