Адміністрацыя прэзідэнта рыхтуе новы ўказ па канцэртах

130313_malina_kancerty.mp3

Арганізатары канцэртаў з трывогай абмяркоўваюць змены, якія ўводзяцца ў закон “Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў”. Кажуць, каб правесці канцэрт, з 1 траўня трэба будзе зноў браць гастрольныя пасведчанні, адмененыя ў 2011 годзе.

“Праект указа ёсць, але 1-га траўня будуць унесеныя змены ці не, нам не вядома, ― даюць Еўрарадыё скупы каментарый у Міністэрстве культуры. ― Справа ў тым, што не мы рыхтуем гэты дакумент, яго рыхтуе Адміністрацыя прэзідэнта. Каментаваць чужы дакумент мы проста не маем права”.

Магчыма, такім чынам Адміністрацыя выконвае даручэнне Аляксандра Лукашэнкіразабрацца з чорнымі спісамі”, што прагучала на прэс-канферэнцыі кіраўніка дзяржавы 15 студзеня. Распрацоўку новага закона па арганізацыі канцэртаў ускосна пацвердзілі ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама. Праўда, таксама без каментарыяў. Дык якую ж дзяржаўную таямніцу бароняць чыноўнікі?

“Вяртаемся да таго, ад чаго ужо адышлі: бюракратыі і паперамаральніцтва, ― разважае на тэму арганізатар канцэртаў Антон Сасноўскі. ― Я думаю, гэта ўсё робіцца, каб не тое, што ўзаконіць, але рэгламентаваць усю канцэртную дзейнасць. У тым ліку, і чорныя спісы. Перш за ўсё, менавіта рэгуляваць кожны канцэрт, асабліва ў сітуацыі, калі да нас едуць літаральна ўсе, ад Земфіры да Мілен Фармэр і Арміна Ван Бюрэна… Іначай, відаць, дзяржаўная машына проста не спраўляецца”.

Вяртанне “гастролек” значна павялічыць часавыя выдаткі на арганізацыю канцэрта. Раней на афармленне ішло да двух тыдняў.

“Цяпер усё можна рабіць аператыўна, і адно ад другога не залежыць, ― тлумачыць розніцу Антон. ― Рэкламная кампанія ідзе асобна, квіткі друкуюцца асобна. Пасля зменаў гэта ўсё трэба будзе рабіць разам. Бо, каб расклеіць афішы і ўвогуле выйсці на рэкламу, трэба ўказваць дадзеныя з гастрольнага пасведчання. Трэба паказваць, што я маю права на арганізацыю мерапрыемства”.

Усё гэта адаб’ецца на гледачах: кошт гастрольнага пасведчання арганізатары будуць дадаваць да кошту квіткоў.

“У свой час былі “гастролькі” аднолькавыя па кошце для беларускіх і для замежных гуртоў, ― працягвае пра магчымыя наступствы яшчэ адзін арганізатар канцэртаў, Віталь Супрановіч. ― Напрыклад, заплаціць 1 тысячу долараў за пасведчанне для замежнага гурта, натуральна, магчыма. Але калі столькі ж будзе каштаваць пасведчанне для беларускага гурта, у якога, можа, бюджэт усяго канцэрта — 1 тысяча… З пасведчаннем атрымаецца ўдвая даражэй, і тады з канцэртамі беларускіх музыкаў узнікнуць праблемы”.

Быў час, калі кошт “гастролькі” вагаўся ў залежнасці ад колькасці гледачоў. Напрыклад, калі на канцэрт планавалася сабраць да 300 чалавек, яна каштавала 10 базавых велічыняў. Сёння гэта 1 мільён рублёў. Гэтую суму дзелім на колькасць наведвальнікаў і атрымліваем “дадатак” да кошту квітка. Але тут варта ўлічваць, што клубы бываюць і на 100, і на 80 чалавек. Да таго ж, арганізатары рэдка плануюць аншлагі і рызыкаваць сваімі грашыма не будуць.

Але “гастрольку” могуць і не даць! Напрыклад, раней музыкам з “чорных спісаў” адмаўлялі праз “нізкі мастацкі ўзровень”. Адным з першых з такой фармулёўкай сутыкнуўся гурт “Крама”: у 2007 годзе забаранілі прэзентацыю яго альбома "Усё жыццё — дзіўны сон".

Нагадаем, гастрольныя пасведчанні адмянілі 1 студзеня 2011 году. Ад гэтага часу ў Беларусі існуе паведамляльны прынцып арганізацыі мерапрыемстваў. То бок, дастаткова проста папярэдзіць выканкам, што адбудзецца пэўны канцэрт. Праўда, як паказала практыка, гэта не перашкаджае адмяняць некаторыя мерапрыемствы ў абыход закона таямнічым тэлефонным званком.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі