АГП спыняе ўдзел у выбарах, але дазваляе яго працягваць асобным партыйцам




Лябедзьку падтрымала большасць дэлегатаў партыйнага з'езда

Зміцер Лукашук

На з'ездзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які праходзіць у Мінску, у выніку тайнага галасавання быў абраны старшыня — Анатоль Лябедзька. За яго кандыдатуру выказаліся 89 дэлегатаў партыйнага з'езда, супраць — толькі 17. Тры бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі.

Намеснікамі старшыні АГП засталіся Леў Марголін і Яраслаў Раманчук.


Віктар Гарбачоў не захацеў змагацца за пасаду старшыні АГП

Зміцер Лукашук

На з'ездзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які праходзіць у Мінску, адбылося вылучэнне кандыдатур на пасаду старшыні. Былі вылучаныя цяперашні старшыня Анатоль Лябедзька і Віктар Гарбачоў. Аднак Гарбачоў сваю кандыдатуру зняў. У сваёй прамове ён прызнаўся, што "з ім вялі перамовы", але не сказаў хто. Да апошняга Гарбачоў не ведаў, якое рашэнне прыме.

Цяпер рыхтуюцца бюлетэні для тайнага галасавання.


АГП спыняе ўдзел у выбарах, але дазваляе яго працягваць асобным партыйцам

Зміцер Лукашук

На з'ездзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які праходзіць у Мінску, прынятая рэзалюцыя аб адносінах АГП да ўдзелу ў мясцовых выбарах. У галасаванні ўдзельнічала 112 прысутных дэлегатаў.

66 дэлегатаў выказаліся за тое, каб партыя не ўдзельнічала ў мясцовых выбарах, 37 чалавек прагаласавалі за ўдзел, яшчэ 5 чалавек устрымаліся.

У той жа час, пакінута магчымасць для працягу ўдзелу ў выбарах асобным кандыдатам ("у каго гарыць агонь у вачах").


Раманчук не прэтэндуе на пасаду старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі

Зміцер Лукашук

У Мінску праходзіць трынаццаты з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Сярод іншага, яго ўдзельнікі мусяць абраць старшыню партыі і яго намеснікаў.

Нагадаем, 48-гадовы Анатоль Лябедзька ачольвае АГП амаль 10 гадоў. Сярод тых, хто мог бы прыйсці яму на змену, называлі 44-гадовага палітолага і эканаміста Яраслава Раманчука, які займае пасаду намесніка старшыні.

Аднак сам Раманчук у размове з Еўрарадыё катэгарычна заявіў, што не прэтэндуе на пасаду старшыні АГП. Паводле яго слоў, у кожнага з сябраў кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі ёсць свой участак працы, за які яны адказваюць. Тым больш, набліжаюцца выбары, мясцовыя і прэзідэнцкія, таму "перад выбарамі няма сэнсу нешта мяняць".


Рэгіянальныя лідэры АГП выказаліся за удзел партыі ў мясцовых выбарах

Большасць з лідэраў рэгіянальных арганізацый АГП, якія выступілі 21 сакавіка на з'ездзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў Мінску, раскрытыкавалі магчымасць спынення ўдзелу партыі ў мясцовых выбарах. У прыватнасці, супраць спынення ўдзелу партыі ў выбарах выказаліся прадстаўнікі брэсцкай, мінскай і гродзенскай абласных, а таксама мінскай гарадской арганізацый АГП.

На іх думку, выхад партыі з выбарчай кампаніі не дазволіць кандыдатам ад АГП данесці грамадзянам краіны інфармацыю аб партыі, прыцягнуць у свае рады дадатковую колькасць прыхільнікаў, пратэставаць, як будуць працаваць змены ў Выбарчы кодэкс. Такі крок, лічаць яны, наогул пазбавіць прадстаўнікоў АГП магчымасці мець зносіны з насельніцтвам, паведамляе БелаПАН.


Лябедзька: у Беларусі павінен быць крытычны дыялог з кожнай краінай ЕС


Анатоль Лябедзька выступае за "крытычны дыялог" ЕС з Беларуссю. Пра гэта лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі заявіў 21 сакавіка на чарговым, 13-м, з'ездзе партыі.

"АГП паслядоўна выступае за міжнародную палітыку, якая базуецца на нацыянальных інтарэсах, гэта значыць у нас павінен быць крытычны дыялог з кожнай краінай Еўрасаюза", — сказаў Лябедзька.

Паводле яго слоў, частка апазіцыйных сіл не маюць рацыі ў тым, што падтрымліваюць любы кантакт Еўрасаюза з беларускімі ўладамі. "Я лічу, што ў Беларусі неабходны інвестыцыі ў дэмакратыю. Я не хачу, каб падтрымлівалася эканоміка краіны, але адсутнічала свабода слова і дэмакратычныя выбары", — цытуе словы Лябедзькі БелаПАН.

Пры гэтым лідэр партыі падкрэсліў, што, падтрымліваючы Беларусь, Еўрасаюз павінен вылучаць канкрэтныя патрабаванні, напрыклад, выдзяляць крэдыты ў абмен на правядзенне свабодных выбараў.


На з'ездзе АГП абмяркоўваецца далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі

13-ы з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі праходзіць у Мінску ў Палацы культуры МТЗ. Пасля справаздачы старшыні партыі Анатоля Лябедзькі і прагляду фільма, прысвечанага АГП, распачалася дыскусія, прысвечаная далейшаму ўдзелу партыі ў выбарах у мясцовыя саветы.

Нагадаем, на з'ездзе мусіць быць абраны старшыня партыі і яго намеснікі, будзе абраная Палітрада і прынятае рашэнне аб удзеле АГП у выбарах у мясцовыя саветы.


Фота — telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі