Акцыю “Стоп бензін” у Мінску спрабавалі сарваць (абноўлена + фота)
На яе прыехала некалькі дзясяткаў кіроўцаў. Арганізатара акцыі, кіраўніка ўстановы “За аўто” Арцёма Шаркова затрымалі загадзя і адвезлі ў міліцыю.
Як апавядаюць сведкі, нікога больш не затрымлівалі. Аўтааматары збіраліся а 19-й гадзіне на аўтастаянцы ля сталічнага гіпермаркету “ProStore”, што ў Чыжоўцы. Яны хацелі пратэставаць супраць чарговага падвышэння коштаў: ад сёння яны ўзраслі ў сярэднім на 22%.
Бліжэй за 20.00 удзельнікі акцыі пастанавілі рухацца па МКАД да іншага мінскага “Прастора”, што на вул. Ясеніна. Ехаць яны планавалі вельмі павольна, займаючы правы і сярэдні шэрагі. Аднаго з арганізатараў, Яўгена, затрымалі перад выездам, паведамляе карэспандэнт “Нашай нівы” з месца падзеі.
Удзельнікі акцыі даехалі да Малінаўкі. Там яны стаялі на стаянцы ля гіпермаркету з уключанай аварыйнай сігналізацыяй. Але староннія назіральнікі наўрад ці разумелі, што гэта акцыя. Блізу 21.00 акцыя скончылася, кіроўцы раз'ехаліся.