Актыўных удзельнікаў інцыдэнту ў Брузгах не выпусцяць за мяжу
Такую меру рыхтуюць супрацоўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, перадае БелаПАН. Па яго словах, у акцыі пратэсту ў Брузгах удзельнічалі каля 300 чалавек (МУС ацаніў іх лік у 200).
Цішчанка распавёў, што затрыманыя 15 чалавек (паводле МУС — 14), выяўленыя больш за 100 арганізатараў і актыўных удзельнікаў акцыі. Памежнікі кажуць, што затрыманыя — актыўныя ўдзельнікі чаўночнага бізнэсу. 60% з вядомых удзельнікаў акцыі, заяўляюць ахоўнікі мяжы, гэта людзі, якія нідзе не працуюць, але маюць катэджы і па некалькі аўтамабіляў.
Нагадаем, што акцыя ў Брузгах была разагнаная міліцэйскім спецназам. Пры гэтым МУС сцвярджае, што слёзацечны газ пры разгоне ўжыла "нявысветленая асоба".