Akute чакаюць гастролі ва Ўкраіне
Пасля іх гурт дасць вялікі канцэрт у Мінску.
Напрыканцы восені магілёўскія рокеры Akute адправяцца ва Ўкраіну з шэрагам канцэртаў. З такой прапановай выступілі ўкраінскія прыхільнікі творчасці гурта. Вядома таксама, што падчас аднаго канцэрта да Akute далучацца і некаторыя іншыя музыканты з Беларусі.
"Так, гэты канцэрт пад назвай "Беларуская прысутнасць" пройдзе ў горадзе Луцку, – тлумачыць Рома Жыгараў. - Таксама ў імпрэзе возьмуць удзел Vinsent, Жнюв і, калі не памыляюся, гурт Сцяна. Гэты канцэрт будзе пачаткам нашага ўкраінскага туру".
Акрамя канцэрту ў Луцку, Akute выступяць з канцэртамі ў Кіеве, Днепрапятроўску, Адэсе. Вядуцца перамовы і пра выступы ў іншых украінскіх гарадах.
"Гэта будуць нашы сольныя канцэрты і такая вось салянка ў Луцку", – смяецца Рома Жыгараў.
Да таго ж, у бліжэйшы час гурт плануе выступіць у Вільні і, магчыма, у некаторых гарадах Расіі. Пасля чаго музыканты абяцаюць зладзіць вялікі канцэрт у Мінску.