Алесь Міхалевіч выступае на слуханнях Хельсінскай камісіі
У Вашынгтоне сёння адбываюцца слуханні Хельсінскай камісіі ў справе Беларусі.
На слуханнях абмяркоўваюць, як уплывае пераслед апазіцыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года на жыццё як саміх ахвяраў пераследу, так і беларускага грамадства ў цэлым.
На слуханнях, акрамя сябраў Камісіі, выступаюць былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, а таксама Роджэр Патоцкі з Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі і С'юзэн Корк з няўрадавай амерыканскай арганізацыі “Freedom House”, паведамляе Радыё Свабода.
У Хельсінскую камісію ЗША ўваходзяць 9 прадстаўнікоў Сенату, 9 прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў і 3 прадстаўнікі ўраду ЗША. Камісія, створаная ў 1976 годзе, выводзіць сваю назву ад гэтак званага Хельсінскага заключнага акту, які падпісалі ЗША, Канада і еўрапейскія дзяржавы ў 1975 годзе. Тады ў сталіцы Фінляндыі праходзіла канферэнцыя аб бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.