Амерыканскі турыст пакідае ў Беларусі ноутбук, а еўрапеец — смартфон

120521 Martin Vizy.mp3

“Мы не можам у аэрапорце увесь свет забяспечыць візамі. Консульскае ўпраўленне стваралася для замежных грамадзянаў, у якіх на радзіме няма нашых прадстаўніцтваў. Не мэтазгодна ставіць у аэрапорце візу грамадзянам Польшчы, калі там 5 нашых прадстаўніцтваў”, -—тлумачаць Еўрарадыё ў консульскім аддзеле сталічнага аэрапорта.

МЗС Беларусі плануе змяніць візавыя правілы: не ставіць у аэрапорце візы замежнікам, якія тэарэтычна могуць паставіць марку ў пашпарце ў сябе дома.

Але ж у аэрапорце віза ўтрая даражэй!

Грамадзянін Францыі заплаціць за такую візу 180 еўра. Хапіла б на нядрэнны смартфон на Андроідзе. Хаця дома можа паставіць беларускі штампік усяго за 60 еўра. Трайны прыбытак.

А турыст з ЗША за беларускую візу ў аэрапорце аддасць ажно….  420 долараў(!). А гэта кошт сярэдняга ноутбука. Калі прыедзе сотня амерыканцаў, можна набыць сціплую аднапакаёўку ў Мінску.

Турыстычныя фірмы — супраць. Маўляў, калі візы ў аэрапорце адменяць, пахіснецца цікавасць да краіны.

“Гэта нонсэнс з пункту гледжання турыстычнай дзейнасці, міжнароднай дзейнасці. Нашыя консульскія службы за мяжой працуюць на самазабеспячэнні, таму яны зацікаўленыя, каб візы рабіліся ў іх”, — кажа выканаўчы дырэктар саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейсцер.


Да таго ж адмена віз можа ўдарыць па бізнэсе. Не кожны замежнік прывозіць інвестыцыі ў беларускую эканоміку чартарным рэйсам са сваёй радзімы.

Валянцін Цэхмейсцер: “Людзі дзелавога свету не заўжды вылятаюць са сваёй краіны. І ім трэба будзе вяртацца ў сваю краіну, там рабіць візу? Гэта адбівае ахвоту”.


А ва Украіну грамадзяне ЕС і Канады могуць ехаць без візы і без праблемаў. У аэрапорце штампік могуць паставіць грамадзянам… Турцыі.

Але з 1 жніўня і яны будуць ездзіць без візы. У Расіі візу ў аэрапорце могуць паставіць толькі тым замежнікам, якія не могуць атрымаць штампік у сябе на радзіме.

Фота: velvet.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі