Анатоль Куляшоў звольнены з пасады міністра ўнутраных справаў
Новым міністрам прызначаны палкоўнік міліцыі Ігар Шуневіч.
Адпаведны ўказ прыняў 11 траўня Аляксандр Лукашэнка. Генерал-лейтэнант міліцыі Анатоль Куляшоў залічаны ў распараджэнне МУС, паведамляе БЕЛТА.
Шуневіч да гэтага займаў пасаду першага намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальніка крымінальнай міліцыі.
Ігару Шуневічу 45 гадоў, ён нарадзіўся ў Луганскай вобласці Украіны. У 1992 годзе скончыў Акадэмію МУС у Беларусі і служыў ва ўнутраных органах. У 2007-2012 гадах працаваў у КДБ. Намеснікам міністра ўнутраных справаў стаў сёлета ў студзені.
Па словах рэдактаркі сайту "Хартыя'97" Наталлі Радзінай, Шуневіч ладзіў допыты палітвязняў, арыштаваных па "справе 19 снежня".
Інтэрв'ю з Ігарам Шуневічам, якое Еўрарадыё рабіла 2 гады таму, можна пачытаць тут.